Амерыканка знайшла дыямант за дзясяткі тысячаў даляраў у дзяржаўным парку
10- 13.08.2025, 19:17
- 7,022
Цяпер яна плануе ўставіць камень у свой заручальны пярсцёнак.
Амерыканка знайшла дыямант коштам 27 тысячаў даляраў у дзяржаўным парку Арканзаса – яна думала, што змахвае павуцінне, піша The Independent.
Мішэры Фокс прыходзіла ў парк «Кратар дыямантаў», каб знайсці ідэальны каштоўны камень для свайго заручальнага пярсцёнка. Жанчына правяла ў пошуках тры тыдні і знайшла дыямант у свой апошні дзень у парку.
Спачатку яна не зразумела, што знайшла дыямант – жанчына падумала, што бачыць перад сабой пакрытае расой павуцінне, і надумала яго змахнуць. Пхнуўшы «павуціну», Фокс звярнула ўвагу на тое, што бляск не знік. Пазней яна заўважыла, што гэта быў каштоўны камень.
«Я ніколі не бачыла ў руках сапраўднага дыяманта і не ведала напэўна», – расказала Фокс пасля выяўлення знаходкі. У прэс-рэлізе ўправы дзяржаўных паркаў штата Арканзас пацвярджаецца, што жанчына знайшла бясколерны дыямант вагой 2,3 карата, што можна параўнаць з вагой чалавечага ікла.
Журналісты адзначаюць, што цяпер Фокс плануе ўставіць камень у свой заручальны пярсцёнак. Яе партнёр пагадзіўся не дарыць яго да таго моманту, пакуль жанчына самастойна не знойдзе ўпадабанае ёй упрыгожванне.
Яна назвала камень «Дыямант Фокс-Бал», даўшы яму таксама прозвішча партнёра. Гэта традыцыйная назва для знойдзеных у «Кратары дыямантаў» каштоўнасцяў, піша The Independent. Яго сярэдні кошт складае блізу 27 тысячаў даляраў.
Супрацоўнікі парку адзначылі, што за 2025 год на яго тэрыторыі было знойдзена 366 дыямантаў, але толькі 11 з іх важылі больш за адзін карат. Усяго ж з 1906 года ў парку знайшлі больш за 75 тысячаў дыямантаў.
Раней СМІ расказалі пра амерыканку, якая страціла ўбудаваны ў пярсцёнак дыямант у аэрапорце – жанчына здала яго ў багаж разам з іншымі рэчамі. Знайсці яго дапамаглі супрацоўнікі, якія некалькі гадзінаў абследавалі багажную стужку, каб дапамагчы адшукаць зніклае.