Рэжым Лукашэнкі насцярожыўся праз стварэнне «сур'ёзнай» польскай групоўкі
24- 13.08.2025, 19:10
- 14,180
Міністр абароны Беларусі пагражае Варшаве «адказам».
Польшча пастанавіла стварыць групоўку колькасцю 30–34 тыс. вайскоўцаў, Менск насцярожыла гэтая пастанова. Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА са спасылкай на міністра абароны краіны Віктара Хрэніна.
«Больш за ўсё насцярожвае пастанова польскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва: яны хочуць стварыць групоўку больш за 30–34 тыс. вайскоўцаў. Гэта ўжо сур'ёзная групоўка, паводле нашай ацэнкі. За гэтым трэба ўважліва назіраць і рэагаваць», – расказаў ён журналістам.
Хрэнін адзначыў, што кіраўніцтва краінаў NATO спрабуе выкарыстоўваць расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025» як падставу для правядзення сваіх вучэнняў. «Калі яны будуць праяўляць нейкую агрэсію, у нас ёсць чым адказаць», – сказаў ён.
Супольныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі «Захад-2025» пройдуць з 12 да 16 верасня. Запрашэнні на асобныя этапы вучэнняў адправілі ў іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, сярод якіх АДКБ, СНД і ШАС.
Вучэнні з'яўляюцца асноўным этапам падрыхтоўкі войскаў Расеі і Беларусі сёлета. Яны праходзяць раз на два гады напераменку на тэрыторыі абедзвюх краінаў.
У пачатку жніўня стала вядома, што ў Беларусь ужо прыбыў першы эшалон з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай для падрыхтоўкі да супольных вучэнняў. Раней Хрэнін заявіў, што асноўныя манеўры «Захад-2025» перанясуць ад заходніх межаў углыб краіны, каб знізіць напружанасць у рэгіёне.