Сусветны фондавы рынак абнавіў гістарычны максімум
- 13.08.2025, 19:06
- 1,358
Інвестары пазітыўна адрэагавалі на звесткі пра слабую інфляцыю і прыкметы ўстойлівасці ў найбуйнейшых эканоміках.
Сусветны рынак акцый дасягнуў рэкордных значэнняў. Індэкс MSCI All Country World Equity Index, у які ўваходзяць кампаніі з буйной і сярэдняй капіталізацыяй краінаў з развітымі рынкамі, дасягнуў гістарычнага максімуму на чаканнях зніжэння адсоткавых ставак і росту цікавасці да рызыкоўных актываў. У сераду, 13 жніўня, індэкс MSCI All Country World падняўся да ўзроўню 951,14 пункта, што стала новым рэкордным значэннем для індыкатара.
Індэкс Nikkei другі дзень запар абнавіў максімум і ўпершыню падняўся вышэй за адзнаку 43 тыс. пунктаў на фоне аптымізму датычна эканамічных перспектываў краіны. Японскі індэкс Topix вырас на 0,8% і таксама дасягнуў гістарычнага максімуму. Паўднёвакарэйскі індэкс Kospi вырас на 1,1%. Індэкс Шанхайскай біржы CSI 300 вырас на 0,8%, а ганконгскі індэкс Hang Seng – на 2,6%. Еўрапейскі індэкс акцый Stoxx 600 у сераду вырас на 0,5%. Нямецкі індэкс DAX узняўся на 0,71% на 15.35 паводле Менска.
Інвестары пазітыўна адрэагавалі на звесткі пра слабую інфляцыю і прыкметы ўстойлівасці ў найбуйнейшых эканоміках, а чаканні зніжэння адсоткавай стаўкі ў ЗША падтрымалі попыт на рызыкоўныя актывы, піша Reuters.
У ЗША інфляцыя ў ліпені вырасла крыху менш, чым прагназавалася. Спажывецкія кошты (індэкс CPI) у ЗША ў мінулым месяцы дадалі 2,7% у гадавым выразе супраць прагнозу ў 2,8%. Гэта можа сведчыць, што мыты на імпарт прэзідэнта ЗША Дональда Трампа яшчэ не адбіліся на спажывецкіх коштах, паведаміла выданне. Звесткі пра інфляцыю дапамаглі Уол-стрыт дасягнуць новых вышыняў. Росту амерыканскіх фондавых індэксаў таксама спрыялі чаканні зніжэння адсоткавых ставак ФРС на пасяджэнні ў наступным месяцы.
«Індэкс спажывецкіх коштаў у ЗША ў цэлым адпавядаў чаканням. Гэта прывяло да росту акцый, паколькі інвестары сталі больш упэўненымі ў магчымым зніжэнні ставак ФРС на чарговым пасяджэнні», – паведамілі аналітыкі Deutsche Bank. Указ Трампа аб прыпыненні мытаў на кітайскі імпарт яшчэ на 90 дзён таксама ўзмацніў аптымізм на рынку. ЗША і Кітай абавязаліся прыпыніць рэалізацыю 24%-ных тарыфаў, захаваўшы пры гэтым астатнія мыты памерам 10%.
Паводле звестак інструменту FedWatch, які разлічвае біржа CME на падставе ф'ючэрсаў на стаўку, удзельнікі рынку ацэньваюць верагоднасць зніжэння стаўкі ФРС у верасні на 96% у параўнанні з 57% месяц таму.