Зяленскі: Я сказаў прэзідэнту ЗША, што Пуцін блефуе
3- 13.08.2025, 18:58
- 5,422
Дыктатар РФ спрабуе стварыць уражанне, што здольны акупаваць усю Украіну.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас анлайн-сустрэчы з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Дональдам Трампам і еўрапейскія лідары папярэдзілі, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін уводзіць усіх у зман. Пра гэта ён заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мерцам.
«Я сказаў прэзідэнту ЗША і еўрапейскім лідарам, што Пуцін блефуе. Ён спрабуе перад сустрэчай на Алясцы націснуць па ўсім фронце і паказаць, што можа акупаваць усю Украіну», – заявіў Зяленскі.
Ён адзначыў, што ў Расеі ёсць пэўная перавага ва ўзбраенні, але яна нівелюецца вялікімі стратамі.
«У Расеі сапраўды ў некалькі разоў больш зброі, напрыклад артылерыі ў тры разы больш, але таксама ў Расеі ў тры разы больш стратаў, і гэта факт», – сказаў ён.
Зяленскі дадаў, што таксама зманлівае сцвярджэнне, што санкцыі не наносяць шкоды расейскай эканоміцы.
«Пуцін таксама блефуе, кажучы, што яму ўсё роўна на санкцыі, што яны не працуюць. Насамрэч санкцыі вельмі дапамагаюць, яны б'юць па расейскай вайсковай эканоміцы», – сказаў прэзідэнт.
Зяленскі заклікаў партнёраў да ўвядзення дадатковых санкцый супраць Расеі.
«Нам патрэбны далейшы ціск дзеля міру. Разам наш звяз партнёраў сапраўды можа спыніць вайну Пуціна», – заявіў ён.