Кітай і ЗША абмяняліся абвінавачваннямі праз праход эсмінца ля рыфа Скарбара
- 13.08.2025, 18:48
- 4,188
Гэта адбылося пасля спробы Кітая заблакаваць доступ да рыфа.
Кітайскія вайскоўцы заявілі, што ў сераду выявілі і «прагналі» амерыканскі эсмінец USS Higgins, які прайшоў ля спрэчнага рыфа Скарбара ў Паўднёва-Кітайскім моры. Паводле звестак Пекіна, карабель увайшоў у воды без дазволу кітайскага ўраду, што «сур'ёзна парушыла суверэнітэт і бяспеку Кітая» і «падарвала мір і стабільнасць» у рэгіёне, піша Reuters (пераклад – сайт Charter97.org).
ВМС ЗША аспрэчылі гэтыя сцвярджэнні, заявіўшы, што аперацыя праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам. Сёмы флот падкрэсліў, што ЗША будуць дзейнічаць там, дзе гэта дазволена міжнароднымі нормамі, нягледзячы на заявы Пекіна.
Гэта першы за шэсць гадоў вядомы выпадак правядзення такой аперацыі непасрэдна ў водах рыфа. Ён адбыўся на наступны дзень пасля таго, як Філіпіны абвінавацілі кітайскія караблі ў «небяспечных манеўрах і незаконным умяшанні» падчас місіі забеспячэння ў раёне атола. Паводле звестак Манілы, кітайскія караблі спрабавалі цалкам заблакаваць доступ да рыфа, у выніку чаго адбылося сутыкненне двух кітайскіх судоў – першы вядомы падобны інцыдэнт у гэтым раёне.
Кітай прэтэндуе амаль на ўсё Паўднёва-Кітайскае мора, уключаючы зоны, якія перасякаюцца з выключнымі эканамічнымі зонамі Брунея, Інданезіі, Малайзіі, Філіпінаў і В'етнама. У 2016 годзе міжнародны арбітраж прызнаў, што ў Пекіна няма прававых падставаў для такіх дамаганняў, аднак Кітай адмовіўся прызнаваць гэтую пастанову.
Рыф Скарбара з'яўляецца адным з ключавых асяродкаў напружанасці ў стратэгічным рэгіёне, праз які штогод праходзіць марскі гандаль больш як на 3 трлн даляраў.