Atlantic Council: ЗША не павінны ісці на саступкі Пуціну
2- 13.08.2025, 18:24
- 2,926
Чым раней Расею спыняць, тым ніжэйшы будзе кошт для ўсяго свету.
Украіна перажыла больш за тры гады поўнамаштабнай вайны. Аднак большасць украінцаў разумее, што тэрытарыяльныя страты не прынясуць доўгага міру. Масква патрабуе капітуляцыі, а яе мэта – знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці, піша Atlantic Council (пераклад – сайт Charter97.org).
Перамога Расеі стала б сігналам для прадаўжэння агрэсіі – наступнымі мэтамі могуць стаць Малдова, Грузія, Арменія, краіны Цэнтральнай Азіі, а таксама чальцы NATO – Польшча, Фінляндыя, Прыбалтыка. Гэта паставіць пад пытанне саму аснову калектыўнай абароны NATO і можа ўблытаць ЗША ў вайну з Расеяй.
Акрамя таго, поспех Масквы разбурыць рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі. Эфектыўнасць ядзернага шантажу Пуціна падштурхне іншыя краіны да стварэння ўласнай зброі. Аўтарытарныя рэжымы па ўсім свеце – ад Кітая да Ірана – будуць уважаць Захад за занадта слабы, каб абараняць свае каштоўнасці і хаўруснікаў.
Падзенне Украіны падарве давер да ЗША і падштурхне многія краіны да хаўрусу з Расеяй і Кітаем. Каб гэтага ўнікнуць, Захаду неабходна забяспечыць Кіеў зброяй і ўзмацніць санкцыі, а не падштурхоўваць да капітуляцыі.
Часовае спыненне вайны коштам тэрыторый толькі ўзаконіць экспансію і прывядзе да яшчэ больш маштабнай нестабільнасці. Чым раней будзе спыненая Расея, тым ніжэйшы будзе кошт для свету.