Прэзідэнт Сербіі зрабіў заяву, якая не спадабаецца Лукашэнку
13- 13.08.2025, 17:04
- 29,214
Ён не стаў мяняць Канстытуцыю, каб зноў балатавацца на прэзідэнцкі тэрмін.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў 13 жніўня, што не збіраецца мяняць Канстытуцыю краіны, каб зноў балатавацца на прэзідэнцкі тэрмін. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Бялградзе пасля сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Крысціянам Штокерам, піша «Медуза».
«Я палітычны ветэран, я больш не магу балатавацца ў прэзідэнты, і мне не прыходзіць у галаву думка мяняць Канстытуцыю, каб далей балатавацца. Я не дыктатар, якім вы мяне паказваеце ў аўстрыйскіх СМІ, я скончу сваю прэзідэнцкую кар'еру праз паўтара года», — сказаў Вучыч, адказваючы на пытанне аўстрыйскага журналіста (цытата паводле Kurir).
Прэзідэнт Сербіі дадаў, што ў будучыні будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцці, але цяпер не стане казаць, якую пазіцыю зойме.
У адрозненне ад сербскага лідара, які адкрыта заявіў, што не стане мяняць Канстытуцыю дзеля захавання ўлады, беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка за тры дзесяцігоддзі кіравання перапісваў яе пад сябе некалькі разоў. Кожны раз гэта суправаджалася фальсіфікаванымі «рэферэндумамі», здушэннем пратэстаў і зачысткай палітычнага поля. Так Лукашэнка паслядоўна ліквідаваў абмежаванні тэрмінаў і забяспечыў сабе магчымасць заставацца ва ўладзе пажыццёва.