Вытворчасць расейскіх ракет «Х-59» буксуе праз нястачу дэталяў
- 13.08.2025, 11:49
- 2,514
Санкцыі працуюць.
Галоўная ўправа выведкі Украіны апублікавала звесткі, якія пацвярджаюць збоі ў выпуску расейскіх ракет «Х-59М2/М2А». Абмежаванні доступу да дэталяў і санкцыі ўжо ўплываюць на тэмпы вытворчасці, паведамляе прэс-служба ГУВ.
На партале War&Sanctions украінская выведка паказала інтэрактыўную схему, якая раскрывае ланцужок пастаўшчыкоў для ракеты «Х-59».
У спісе 116 прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаныя ў стварэнні гэтага віду ўзбраенняў. Амаль палова з іх, блізу 40%, дагэтуль не трапілі пад міжнародныя санкцыі. Аднак нават у такіх умовах РФ сутыкаецца з сістэмнымі праблемамі пры выкананні абароннага заказу.
Паводле звестак ГУВ, расейскія вытворцы адчуваюць пастаянны дэфіцыт як айчынных, так і імпартных кампанентаў. Абмежаваныя магутнасці, перабоі з пастаўкамі і зрыў вытворчых графікаў вымушаюць прадпрыемствы рэгулярна паведамляць аб невыкананні планаў.
Не ратуе сітуацыю нават выкарыстанне дэталяў са старых узораў узбраення, у РФ масава разбіраюць старыя турбарэактыўныя рухавікі Р95 і галоўкі саманавядзення, каб прыстасаваць іх для новых ракет.
Выведка фіксавала выпадкі, калі замест актыўных радыёлакацыйных галовак саманавядзення (АРГСН) ўсталёўвалі толькі іх масагабарытныя макеты. Гэты элемент АРГСН адзін з самых дарагіх і тэхнічна складаных, што робіць яго галоўным праблемным кампанентам у вытворчасці Х-59.
Пры гэтым дзясяткі расейскіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць электроніку, сістэмы навядзення і іншыя ключавыя вузлы для ракет, дагэтуль не знаходзяцца пад санкцыямі. Іх прадукцыя дазваляе мадэрнізаваць рухавікі і падаўжаць тэрмін службы ўзбраенняў, якія выкарыстоўваюцца для ўдараў па Украіне.
У ГУВ падкрэсліваюць, што ўжо ўведзеныя санкцыі прыкметна запавольваюць тэмпы выпуску ракет, а пашырэнне абмежаванняў на пастаўшчыкоў ніжэйшага звяна можа яшчэ мацней аслабіць расейскі ваенна-прамысловы комплекс.
Ракета «Х-59» стала шостым праектам у серыі інтэрактыўных схем War & Sanctions, дзе раней былі прадстаўленыя напрацоўкі для крылатых ракетах «Х-101», «Бандэроль» С8000, дронам ЦБТС.611000, V2U і Shahed-136 MS.