УСУ адразаюць беларускія НПЗ ад расейскай нафты?
28- 13.08.2025, 11:45
- 29,084
Дроны атакавалі ключавую станцыю нафтаправода «Дружба».
Уночы з 12 да 13 жніўня дроны атакавалі расейскія рэгіёны: Бранскую і Валгаградскую вобласці. У абодвух рэгіёнах пад ударам, папярэдне, апынуліся аб'екты нафтаперапрацоўчай прамысловасці Расеі.
У Бранскай вобласці ўдары беспілотнікаў былі накіраваныя па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛПДС) «Унеча» нафтаправода «Дружба», што ў вёсцы Высокае. Пра начныя выбухі ў Расеі паведаміла мясцовае медыя Astra.
«Жыхары Бранскай вобласці паведамляюць, што ў ноч на 13 жніўня дроны зноў атакуюць горад Унеча і раён. Сцвярджаецца, што мэтай атакі зноў стала лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя «Унеча» ў вёсцы Высокае ва Унецкім раёне», — гаворыцца ў паведамленні.
Праз Унечу расейская нафта паступае на беларускія НПЗ. Ва ўмовах, калі расейскія НПЗ рэгулярна трапляюць пад удар УСУ, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Наваполацку і Мазыры становяцца важнымі пастаўшчыкамі бензіну на расейскі рынак.