15 снежня 2025, панядзелак, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская база атамных падводных лодак пацярпела ад цунамі на Камчатцы

10
Расейская база атамных падводных лодак пацярпела ад цунамі на Камчатцы

Пашкоджанні бачныя на спадарожнікавых здымках.

Пункт базавання Ціхаакіянскага флоту (ЦАФ) Расеі на Камчатцы, на якім размяшчаецца вялікая частка атамных падводных лодак РФ, атрымаў пашкоджанні праз цунамі, які абрынуўся на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа краіны ў сераду, паведамляе The Telegraph са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў чацвер раніцай спадарожнікам Umbra Space.

Гаворка ідзе пра базу «Рыбачы» (уваходзіць у склад Вілючынскага раёна) у акваторыі бухты Крашаніннікава (частка Авачынскай губы) на поўдні паўвыспы. Мяркуючы са здымкаў, частка аднаго з пірсаў адхілілася ад свайго першапачатковага становішча, што можа паказваць на тое, што ён адарваўся ад прычала. Мяркуецца, што хвалі, выкліканыя землятрусам магнітудай 8,8, дасягнулі базы, якая размяшчаецца прыкладна за 120 км на захад ад яго эпіцэнтра, праз 15 хвілін пасля пачатку штуршкоў. У пункце базуюцца сучасныя атамныя падлодкі тыпу “Барэй” і савецкія “Дэльты”. Аднак, згодна з папярэднім аналізам, яны не пацярпелі, бо не былі прышвартаваныя ля пашкоджанага прычала ў момант цунамі, высветліў The Telegraph.

Навуковы супрацоўнік брытанскага аб'яднанага інстытута абарончых даследаванняў (Rusi) доктар Сідхарт Каўшал адзначыў, што прыкмет пашкоджанняў падводнага флоту на спадарожнікавых здымках не выяўлена. "Відавочна, ля пірса быў прышвартаваны надводны карабель, а не падводная лодка, што характэрна", - сказаў ён. Пашкоджанне пірса, хутчэй за ўсё, істотна не паўплывае на інтэнсіўнасць працы ў пункце базавання, канстатаваў экспэрт.

Пірс нахілены пад "жахлівым кутом", падкрэсліў адстаўны камандзір каралеўскага флоту Том Шарп. З гэтай прычыны для карабля было б цяжка заходзіць на пірс і выходзіць з яго. На ўскрайку пашкоджанай секцыі пірса, мяркуючы з усяго, знаходзіцца буксір, які можа быць задзейнічаны ў першапачатковых рамонтных працах.

ВМФ Расе можа перагледзець стандарты будаўніцтва, відавочна, пашкоджанага пірса. У той час як астатнія дзевяць пірсаў на базе пабудаваныя цалкам з бетону, доўгая верхняя частка пашкоджанага, здаецца, падобная на плывучую надбудову. "Выглядае ў класічным рускім стылі. Прылеплена скотчам", - заявіў Шарп.

30 ліпеня ля берагоў Камчаткі адбыўся самы моцны з 1952 года землятрус. Паралельна на паўвыспе пачаў вывяргацца адзін з самых вядомых расейскіх вулканаў — Ключэўская Сопка. Штуршкі выклікалі некалькі хваляў цунамі ў рэгіёне вышынёй да 4 метраў. Сярод іншых наступстваў былі затопленыя порт і рыбаперапрацоўчы завод «Алаід», судны сарвала з прычалаў і вынесла ў праліў. Трывогу цунамі абвясцілі таксама ў Кітаі, на Тайвані, у Інданезіі і Японіі.

На кадрах, знятых у іншых месцах Усходняга ўзбярэжжа РФ, відаць, як хвалі вышынёй да пяці метраў накрываюць бераг. Сур'ёзныя пашкоджанні бачныя ў порце Паўночна-Курыльска, размешчанага прыкладна ўдвая далей ад эпіцэнтра землятрусу, чым Авачынская губа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках