«На большае ў расейцаў няма сіл»
11- 6.07.2025, 19:36
- 21,366

Расейскія чыноўнікі адкрыта кажуць, што эканоміка знясіленая.
Ці разумеюць расейцы, што ў эканамічных праблемах, якія пачаліся ў іхнай краіне, вінаваты Пуцін.
З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да доктара сацыялогіі, дырэктара ўкраінскага Інстытута канфлікталогіі і аналізу Расеі (ІКАР) Аляксандра Шульгі:
- Ведаеце, так. Як ні дзіўна, лагічная сувязь ёсць. У пачатку года мы задалі пытанне - не наўпрост: "Вы разумееце, што Пуцін давёў краіну да такога?", - так нельга з метадалагічнага і бяспечнага пунктаў гледжання. Мы пыталіся інакш: "Якія прыярытэты павінны быць у прэзідэнта?" Большасць расейцаў адказалі - завяршэнне вайны.
Гэта разумеюць і чыноўнікі. Яны адкрыта гавораць, што расейская эканоміка знясіленая і не можа далей весці вайну. Сказаць гэта проста яны не могуць, але ўсё відавочна. Пакуль ідзе вайна, палепшыць сітуацыю немагчыма.
Расейцы разумеюць: развязваць сацыяльна-эканамічныя праблемы нельга, пакуль працягваецца вайна. Гэта ўжо кансэнсус - і ў эліце, і ў грамадстве. Чыннік не ліквідаваны, а лечаць сімптомы. Боль толькі спрабуюць прытупіць.
Крэмль усімі сіламі імкнецца мінімізаваць наступствы - і санкцый, і самой вайны. Мы бачым, як усе рэсурсы, усе актывы Крамля пушчаныя ва-банк. Ніхто не думае аб рэпутацыі. Віктар Орбан, напрыклад, ужо амаль даслоўна паўтарае рыторыку Масквы. Часам нават незразумела, хто кажа - расейскі чыноўнік або вугорскі прэм'ер. Я не ведаю, якімі павінны быць сумы хабару, каб ён так казаў, але яго актыўнасць — важны індыкатар: Расеі патрэбныя не толькі адсутнасць новых санкцый, але і зняцце старых.
Цяпер усе намаганні Крамля - эканамічныя, палітычныя, дыпламатычныя - накіраваны на тое, каб як мага даўжэй расцягнуць вайну, не вырашаючы яе першапрычыну. Час ад часу з'яўляюцца публікацыі: "яшчэ паваюем да канца года, а потым за стол перамоў". Відаць, на больш сіл у іх не стае.