Financial Times: Уступленне Малдовы ў ЕЗ залежыць ад лёсу Украіны
4- 6.07.2025, 19:17
- 2,058

Данія абяцае дабівацца пачатку перамоў для абедзвюх краін.
Прэзідэнт Малдовы Майя Санду праводзіць саміт з кіраўніцтвам ЕЗ у Кішынёве. Мэта сустрэчы - нагадаць Брусэлю, чаму яе краіна заслугоўвае сяброўства ў Еўразвязе, піша Financial Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Малдова пачала перамовы аб уступленні ў ЕЗ разам з Украінай летась на фоне ўзмацнення агрэсіі з боку Расеі. Кожная наступная пастанова ў працэсе пашырэння патрабуе аднагалоснага адабрэння ўсіх краін-сябраў ЕЗ.
Прыхільнікі інтэграцыі Малдовы занепакоеныя тым, што блакіроўка Вугоршчынай украінскай заяўкі і неафіцыйная "звязка" абедзвюх краін можа несправядліва тармазіць прасоўванне Кішынёва.
Саміт з удзелам кіраўніка Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляен і прэзідэнта Еўрарады Антоніу Кошта разглядаецца як спосаб падкрэсліць уласныя заслугі Малдовы.
"Гэты саміт - дакладны сігнал даверу ЕЗ да Малдовы і каштоўнасці пашырэння для ўсёй супольнасці", - заявіла міністарка еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Крысціна Герасімаў.
Данія, якая заняла пасаду старшыні ЕЗ на найбліжэйшыя шэсць месяцаў, паабяцала дабіцца прагрэсу ў перамовах аб Украіне і Малдове.
"Мы не можам дазволіць сабе спыніць працэс пашырэння. Гэта пытанне бяспекі і стабільнасці ў Еўропе", - сказала міністарка ў справах Еўропы Даніі Мары Б'еры.
З ейных слоў, Капенгаген будзе дабівацца пачатку перамоў для абедзвюх краін.