Озі Осбарн даў развітальны канцэрт у родным Бірмінгеме
15- 6.07.2025, 11:07
- 6,684

Трансляцыю глядзелі сотні тысяч чалавек.
Рок-спявак Озі Осбарн даў развітальны канцэрт на футбольным стадыёне «Віла Парк» у Бірмінгеме ў рамках маштабнага дабрачыннага шоў. Пра гэта паведамляе газета The Independent.
На сцэну разам з Осбарнам выйшлі музыкі арыгінальнага складу гурта Black Sabbath, адным з заснавальнікаў якога ён з'яўляецца. Калектыў выступіў на фэсце «Back To The Beginning»: удзел у ім таксама ўзялі гурты Metallica, Slayer, Tool, Gojira, Alice in Chains, музыкі Стывен Тайлер з Aerosmith, Слэш і Даф Макаган з Guns N’Roses, лідар Korn Джонатан Дэвіс і Фрэд Дэрст (Limp Bizkit).
Канцэрт доўжыўся больш за дзесяць гадзін.
На падлікі The Independent, шоў прынясе Бірмінгему амаль 20 млн фунтаў стэрлінгаў ($27,3 млн). Осбарн пасля анонсу канцэрта расказваў, што для яго важна выйсці на сцэну апошні раз менавіта ў родным горадзе.
Осбарн выступаў на стадыёне свайго ўлюбёнага футбольнага клуба «Астан Віла». Арэна размяшчаецца прыкладна за 500 м ад дома, дзе вырас музыка. Як адзначае The Guardian, калі Осбарн жыў там, ён пачаў сваю музычную кар'еру, размясціўшы аб'яву аб наборы ў гурт у музычнай краме. Такім чынам была створаная Black Sabbath.
Квіткі на «Back to the Beginning» былі распрададзеныя хутчэй, чым за паўгадзіны. Праз ажыятаж арганізатары пастанавілі зладзіць анлайн-трансляцыю канцэрта, якая ішла з затрымкай на дзве гадзіны. Кошт прагляду склаў 25 фунтаў ($34) без уліку сэрвісных збораў. Паводле інфармацыі The Independent, толькі за першыя пару гадзін шоў опцыяй скарысталіся больш за 250 тысяч чалавек. Толькі на трансляцыі мерапрыемства Black Sabbath зарабіла мільёны фунтаў.
Озі Осбарну 76 гадоў. У лютым 2023 года ён абвясціў аб заканчэнні гастрольнай дзейнасці праз стан здароўя.