«Лукашэнка павялічвае рызыку ўцягвання краіны ў гарачы канфлікт»
10- 5.07.2025, 21:44
- 9,380

Навошта дыктатару «Арэшнік»?
Кіраўнік Беларусі чарговы раз анансаваў з’яўленьне расейскага ракетнага комплексу “Арэшнік” у нашай краіне. З ягоных слоў, гэта адбудзецца ўжо сёлета.
На думку гісторыка Аляксандра Фрыдмана, якую ён выказаў “Обычному утру», у Лукашэнкі дваякая матывацыя размяшчэння “Арэшніка”.
- З аднаго боку, гэта прэстыж, узмацненне яго пазіцый. З іншага - ён сам фігура ў вялікай расейскай геапалітычнай гульні. Камбінацыя складаная.
Зробім крок назад: калі б у Ірана ўжо была ядравая зброя і магчымасць яе прымяніць, то ўдару па Іране, хутчэй за ўсё, не было б - як не ідуць удары па Паўночнай Карэі. Паўночная Карэя стала ядравай дзяржавай, і Трамп, нягледзячы на пагрозы, нічога не змог зрабіць, - тлумачыць Аляксандр Фрыдман.
Але ёсць і іншы бок. Вайна ва Украіне паказвае, што ядравы парасон - не стоадсоткавая гарантыя.
- Расея - ядравая дзяржава, Украіна - не, але Украіна наносіць удары па расейскай тэрыторыі, а ядравага адказу няма, - тлумачыць аналітык. - Магчыма, пасля ўсіх гэтых войн стаўленне да ядравай зброі як да стрымліваючага чынніка зменіцца.
Але факт застаецца фактам: узмацняючы мілітарызацыю Беларусі і яе залежнасць ад Расеі, Лукашэнка павялічвае рызыку ўцягвання краіны ў канфлікт - не толькі ў "халодным" фармаце (інфраструктура, падтрымка ваеннай эканомікі), але і ў "гарачым".