У расейскіх аэрапортах калапс
16- 5.07.2025, 18:43
- 9,966

У Маскве і Пецярбургу адмененыя і затрыманыя сотні рэйсаў.
У Расеі калапс з прычыны пагрозы нападаў беспілотнікаў - толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу адмененыя амаль 100 авіярэйсаў, яшчэ некалькі сотняў перанесеныя, паведамляе Telegram-канал Baza.
Адзначаецца, што самая складаная сітуацыя назіраецца ў аэрапорце Шарамецева, дзе затрымана больш за 170 рэйсаў і адменена амаль 50.
У аэрапортах утварылася цісканіна - пасажыры, якія прыбываюць, змешваюцца з тымі, хто да гэтага часу не змог вылецець. Людзі сядзяць ці ляжаць на падлозе, бо вольных месцаў ужо няма ў кавярнях і бізнэс-залах. Частка пасажыраў гадзінамі не выпускаюць з самалётаў пасля пасадкі - некаторыя з іх кажуць, што знаходзяцца ў салоне ўжо больш за чатыры гадзіны.
У аэрапорце Пулкава адмененыя больш за 30 рэйсаў, яшчэ каля 100 затрымалі. Аэрапорт на некаторы час прыпыняў працу праз паведамленн аб магчымым нападзе дронаў. Адзін з самалётаў, які вылецеў з Шарамецева ў Пулкава, вярнуўся назад у Маскву.
Затрымкі і адмены рэйсаў таксама зафіксаваныя ў іншых аэрапортах Масквы, Екацярынбурга, Ніжняга Ноўгарада, Калінінграда і шэрагу іншых гарадоў.
У той жа час мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў пра два збітыя беспілотнікі, якія накіроўваліся ў расейскую сталіцу.
Уначы 29 чэрвеня Расавіяцыя паведаміла пра увядзеныя часовыя абмежаванні на прыём і адпраўку грамадзянскіх рэйсаў у пяці аэрапортах Расеі - у Валгаградзе, Пензе, Саранску, Саратаве (аэрапорт Гагарын) і Элісце.
У Расеі заяўлялі, што такія меры накіраваныя на "забеспячэнне бяспекі палётаў цывільных паветраных суднаў".