Axios: Трамп сказаў Зяленскаму, што хоча дапамагчы Украіне з СПА
20- 4.07.2025, 18:51
- 13,060

Праз эскалацыю расейскіх нападаў.
Падчас тэлефоннай размовы з украінскім візаві Уладзімірам Зяленскім у пятніцу Дональд Трамп паведаміў, што ЗША хочуць дапамагчы Украіне з супрацьпаветранай абаронай праз эскалацыю расейскіх нападаў.
Пра гэта партал Axios даведаўся ад дзвюх інфармаваных крыніцаў.
Крыніцы Axios паведамілі, што тэлефонная размова паміж Трампам і Зяленскім доўжылася блізу 40 хвілінаў і была прысвечаная пераважна патрэбам Украіны ў супрацьпаветранай абароне.
Адна крыніца паведаміла, што прэзідэнт ЗША быў абазнаны ў нядаўняй эскалацыі з боку Расеі, сярод іншага ў паветраных ударах па ўкраінскіх гарадах і на лініі фронту.
«Трамп сказаў, што хоча дапамагчы з супрацьпаветранай абаронай і што ён праверыць, што менавіта было прыпыненае, калі такое было», – паведаміў суразмоўца Axios.
Паводле словаў украінскай крыніцы, Трамп і Зяленскі дамовіліся, што прадстаўнікі ЗША і Украіны неўзабаве сустрэнуцца для абмеркавання пытанняў пастаўкі сродкаў СПА і іншай зброі.