Кіраўніка азербайджанскай дыяспары Падмаскоўя пазбавілі расейскага грамадзянства
- 4.07.2025, 18:26
- 6,772

Напружанне паміж Баку і Масквой нарастае.
Расейскія ўлады пазбавілі грамадзянства кіраўніка азербайджанскай дыяспары Маскоўскай вобласці Эльшана Ібрагімава. Пра гэта ён сам паведаміў выданню Oxu і абяцаў даць каментар праз некалькі дзён, як толькі вернецца на радзіму. Паводле звестак крыніцы РБК, у Ібрагімава адабралі расейскі пашпарт 18 чэрвеня за «дзеянні, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы». У найбліжэйшы час мужчыну дэпартуюць у Азербайджан.
Пашпарт Ібрагімава пазначаны ў базе МУС як несапраўдны, звярнула ўвагу «Агенцтва». Інфармацыю пра кіраўніка азербайджанскай дыяспары Падмаскоўя ўжо выдалілі са старонкі рэгіянальнай Грамадскай палаты. З выцечак вынікае, што Ібрагімаў нарадзіўся ў азербайджанскай вёсцы Мюсюслі. Грамадзянства Расеі ён атрымаў не пазней за кастрычнік 2001 года.
Акрамя таго, 3 ліпеня стала вядома пра затрыманне двух вядомых у крымінальным асяроддзі азербайджанцаў. Аднаго з іх, «аўтарытэтнага» 59-гадовага прадпрымальніка Вагіфа Сулейманава (Бакінскага), адправілі ў спецпрыёмнік міграцыйнага цэнтра ГУ МУС Масквы для дэпартацыі, паведамляе «Коммерсант». Паводле звестак «Прайм Крайм», гаворка ідзе пра «злодзея ў законе» з мянушкай Дыпламат, які нарадзіўся ў Грузіі. Сулейманава звязваюць з рознымі бізнэс-праектамі ў Маскве, у тым ліку з «Фуд-Сіці» на Калужскай шашы.
Следам за ім у Арэнбургу быў затрыманы 39-гадовы Заур Шыпіла, ён жа Талыбаў, ён жа Заур Нахічэванскі. 4 ліпеня яму прад'явілі абвінавачанне ў заняцці высокага становішча ў злачыннай іерархіі (артыкул 210.1 КК) і арыштавалі. Шыпілаў нарадзіўся ў Арэнбургу ў 1985 годзе. Ягоны бацька – азербайджанскі «крымінальны аўтарытэт» Байрам Талыбаў, якога ў 2006 годзе расстралялі ў Маскве разам з яшчэ адным «злодзеем у законе» – Хікметам Мухтаравым, піша «Арэнбург медыя». Паводле звестак выдання, Шыпілаў доўгі час жыў у Турцыі і быў там жа каранаваны як «злодзей у законе» у 27 гадоў. У кастрычніку 2015 года яго затрымалі ў маскоўскім рэстаране з буйной партыяй гераіну і выправілі ў калонію Мінусінска. У 2018 годзе ён выйшаў на волю.
Затрыманні азербайджанцаў адбываюцца на фоне абвастрэння стасункаў паміж Масквой і Баку. Усё пачалося з рэйду расейскіх сілавікоў у Екацерынбургу, звязанага са старымі крымінальнымі справамі аб забойствах і замахах, падчас якога загінулі двое выхадцаў Азербайджана – браты Зіядзін і Гусейн Сафаравы. Улады Азербайджана сцвярджаюць, што іх суайчыннікаў збілі да смерці – гэта паказала ўскрыццё. Баку абвінавачвае расейскіх сілавікоў у забойстве і затрымлівае грамадзянаў РФ.