За паўгады колькасць беларусаў з часовым відам на жыхарства ў Літве зменшылася на 5,2 тысячы
3- 4.07.2025, 16:23
- 3,132

Адпаведную статыстыку апублікаваў Дэпартамент міграцыі Літвы.
Паводле стану 1 ліпеня 2025 года пасведчанне на права жыхарства ў Літве мелі 52 287 грамадзян Беларусі. Гэта на 5224 чалавекі менш, чым было ў пачатку года. А ў параўнанні з 1 студзенем 2024 года колькасць беларусаў з літоўскім часовым дазволам скарацілася на 9880 чалавек. Адпаведную статыстыку апублікаваў Дэпартамент міграцыі Літвы, перадае "Еўрарадыё".
Большасць беларусаў у Літве (48 162 чалавекі) мелі на 1 ліпеня часовы від на жыхарства, 3908 чалавек — пастаянны від на жыхарства, яшчэ 142 былі часовымі, а 75 — пастаяннымі рэзідэнтамі ЕЗ.
Сярод іншаземцаў, якія атрымалі дазвол на пражыванне на падставе высокай кваліфікацыі, беларусы склалі самую вялікую групу - 3275 чалавек. Увогуле такія дазволы ў Літве маюць амаль 5,5 тыс. чалавек. Як правіла, іх выдаюць айцішнікам.
36798 беларусаў атрымалі часовы дазвол на падставе працы. Гэта самая вялікая колькасць сярод замежнікаў у Літве.
З гуманітарных прычын часовы побыт атрымалі 1068 беларусаў, дзеля ўз'яднання сям'і - 5161, а дзеля навучання - 951 грамадзянін нашай краіны.
Самай шматлікай групай уладальнікаў часовага віду на жыхарства ў Літве 1 ліпеня былі ўкраінцы - 75 085 чалавек. Беларусы займаюць другое месца, на трэцім месцы ідуць расейцы (14 360).