Амаль 1000 авіярэйсаў адмененыя ў Францыі з прычыны забастоўкі
- 4.07.2025, 15:22
- 1,300

Авіядыспетчары патрабуюць паляпшэння ўмоў працы.
У Францыі ў пятніцу, 4 ліпеня, працягнулася двухдзённая забастоўка авіядыспетчараў. Напярэдадні ўжо былі адмененныя 933 рэйсы - каля 10% ад агульнай колькасці авіярэйсаў у краіне. У двух аэрапортах Парыжа гэты паказчык складае амаль 25%.
У другі дзень забастоўкі сітуацыя можа яшчэ пагоршыцца: Управа грамадзянскай авіяцыі Францыі (DGAC) заклікала адмяніць 40% усіх рэйсаў, піша «Нямецкая хваля».
Міністр транспарту Францыі Філіп Табара раскрытыкаваў забастоўку авіядыспетчараў падчас летніх канікулаў і водпускаў.
- 272 чалавекі ў нашай краіне вырашаюць пытанні дабрабыту больш за паўмільёна чалавек. Гэта непрымальна, - сказаў ён у інтэрв'ю выданню CNews. Прэм'ер-міністр Франсуа Байру заявіў, што дыспетчары "трымаюць французаў у закладніках".
Двухдзённую забастоўку аб’явілі два прафзвязы авіядыспетчараў, якія патрабуюць паляпшэння ўмоў працы. Яны пратэстуюць таксама супраць "недаўкамплектаванасці штатаў" і "таксічнага кіраўніцтва".
Забастоўшчыкі таксама выступаюць супраць рэформы, якая прадугледжвае ўзмацненне кантролю працоўнага часу авіядыспетчараў. Рашэнне пра гэта было прынята пасля таго, як у канцы 2022 года ў Бардо ледзь не сутыкнуліся два самалёты. Расследаванне тады ўказала на дрэнную арганізацыю працы авіядыспетчараў, нагадвае агенцтва AFP.