18 снежня 2025, Чацвер, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Хельсінкі ўжо год не было ДТЗ са смяротным зыходам

18
У Хельсінкі ўжо год не было ДТЗ са смяротным зыходам

Як гэтага дамагліся?

За апошнія 12 месяцаў у сталіцы Фінляндыі Хельсінкі не зафіксавалі ніводнага смяротнага выпадку на дарогах. Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў і паліцыі, апошняя смерць у выніку ДТЗ тут здарылася ў ліпені 2024 года. Гэтая сітуацыя ўважаецца за выключную, і яе поспех звязваюць з некалькімі чыннікамі, піша yle.fi.

Адзін з галоўных чыннікаў – зніжэнне хуткасных абмежаванняў. Больш як палова вуліцаў у горадзе цяпер мае ліміт 30 км/г, у той час як 50 гадоў таму гэта было 50 км/г. Асаблівае значэнне надаецца бяспецы дзяцей: хуткасць каля школаў таксама будзе зніжаная да 30 км/г з пачаткам новага навучальнага года.

У горадзе значна палепшылі пешаходную і роварную інфраструктуру, зрабілі больш бяспечнымі скрыжаванні і пешаходныя пераходы. Актыўна выкарыстоўваюцца аўтаматычныя камеры ды іншыя сродкі кантролю, а таксама ўзмоцненае супрацоўніцтва з дарожнай паліцыяй.

Развітая сістэма грамадскага транспарту змяншае патрэбу ў аўтамабілях, што таксама ўплывае на памяншэнне ліку аварый. Акрамя таго, сучасныя тэхналогіі зрабілі транспартныя сродкі больш бяспечнымі.

Гэта частка доўгатэрміновай стратэгіі бяспекі дарожнага руху на 2022–2026 гады, якая накіраваная на абарону найбольш неабароненых удзельнікаў руху – дзяцей, моладзі, пешаходаў і раварыстаў. Вялікая ўвага аддаецца збору і аналізу адпаведных звестак.

У параўнанні з канцом 1980-х, калі ў Хельсінкі было блізу 1000 аварый з траўмамі штогод і да 30 смяротных выпадкаў, за апошні год такіх аварый было ўсяго 277.

Як сцвярджае гарадскі інжынер Роні Утрыйнен, поспех стаў магчымы дзякуючы супольным намаганням усіх удзельнікаў дарожнага руху. Адзначаецца таксама, што электрасамакаты сталі новым выклікам, але за апошнія пяць гадоў для іх таксама распрацавалі адпаведныя ідэі.

Хельсінкі прытрымліваюцца стратэгіі ЕЗ Vision Zero – дасягненне нулявога ўзроўню смяротнасці на дарогах да 2050 года. У горадзе мяркуюць, што гэтая мэта павінна ўплываць на ўсе пастановы, якія прымаюцца ў сферы транспарту і бяспекі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках