Палякі сталі менш плаціць за паліва
1- 19.07.2025, 12:22
- 3,200
У Польшчы зафіксаваны рост продажаў бензіну і дызеля.
Грамадзяне Польшчы плацяць за паліва менш, чым год таму. Паводле папярэдніх ацэнак польскай арганізацыі нафтавай прамысловасці і гандлю, у першыя шэсць месяцаў гэтага года цэны паліва былі ніжэйшыя, чым за той жа перыяд мінулага года і двухгадовай даўнасці. Хоць, як падкрэсліваюць прадстаўнікі арганізацыі, у першым паўгоддзі назіраліся значныя ваганні коштаў паліва — напрыклад, у лютым, паведамляе «Польскае радыё».
Старшыня арганізацыі Лешак Вівала паведаміў, што пазней, аж да чэрвеня, адзначалася зніжэнне коштаў, аднак праз канфлікт на Блізкім Усходзе кошты нафты выраслі. З часам сітуацыя стабілізавалася. Ён дадаў, што кошты знізіліся, хоць і не вярнуліся да даканфліктнага ўзроўню.
Лешак Вівала падкрэсліў, што варта сачыць за цэнамі паліва, бо яны моцна адрозніваюцца. Яны могуць адрознівацца нават у межах аднаго раёна, не кажучы ўжо пра розныя гарады. На гэта ўплывае мноства чыннікаў, такіх як попыт, месцазнаходжанне запраўкі, аперацыйныя выдаткі станцыі. Ён дадаў, што таксама вельмі важная дадатковая камерцыйная дзейнасць заправак.
Паводле звестак арганізацыі, у першым паўгоддзі ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года аб'ёмы продажаў паліва ў Польшчы павялічыліся.
Паводле папярэдніх ацэнак польскай арганізацыі нафтавай прамысловасці і гандлю, у першыя шэсць месяцаў гэтага года ў параўнанні з тым жа перыядам 2024 года зафіксаваны рост на ўзроўні 3-3,5 адсотка. Адной з прычын гэтага з'яўляецца ажыўленне эканомікі.
Лешак Вівала паведаміў, што найбольшы рост назіраецца ў продажах бензіну — прыкладна на 6-7 адсоткаў. На другім месцы — дызельнае паліва, рост склаў блізу 1,5 працэнта. Аднак продажы аўто знізіліся.