«Ракета прайшла праз усе дзевяць паверхаў»
69- 17.06.2025, 8:32
- 30,570

Паказаны наступствы ўдару РФ па Кіеве.
Расейскія акупанты ўночы 17 чэрвеня ўдарылі па Кіеве дронамі і ракетамі. У выніку гэтага дзясяткі мірных жыхароў пацярпелі.
Пра гэта на месцы расейскага ўдару па шматпавярховіку ў Саломенскім раёне заявіў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка, паведамляе РБК-Украіна.
Пацярпелыя і загінулыя


Са слоў кіраўніка МУС, у Кіеве 27 лакацый, якія атакаваў вораг. Там працуе блізу 2 тысяч чалавек, у першую чаргу гэта ратавальнікі, паліцыя, камунальныя службы і лекары.
«Цяпер мы можам пацвердзіць 40 пацярпелых, адзін загінулы. Але цяпер паступае інфармацыя што з адной лакацыі - жылы дом у нас ёсць, шмат загінулых, будзе пацвярджэнне праз 10 хвілін», - дадаў міністр.
Удар па дзевяціпавярховіку
Таксама ён удакладніў, што акупанты, з папярэдніх звестак, ударылі балістыкай па дзевяціпавярховіку ў Саломенскім раёне.
«Удар быў настолькі моцны, што ракета прайшла праз усе дзевяць паверхаў», - дадаў міністр.
Паводле яго, пошукава-выратавальныя працы ўжо пачаліся. Такія працы могуць працягнуцца дзень.
Абноўлена 07:43
Міністр унутраных спраў удакладніў, што ў Кіеве праз атаку Расеі загінулі 14 чалавек. Яшчэ 44 - пацярпелі.

