Кіраўнік МЗС Украіны паказаў, як СПА адбівае атаку РФ над ягоным домам
5- 1.06.2025, 10:56
- 4,674

Сібіга расказаў пра «сапраўднае пасланне Расеі».
Міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга чарговы раз звярнуў увагу на нежаданне Расеі дамаўляцца пра мір, выклаўшы відэа, на якім чуваць працу супрацьпаветранай абароны падчас расейскага паветранага нападу.
На сваім Х Сібіга выклаў кароткае відэа, на якім чуваць выбухі і аўтаматная чарга.
«Паслухайце гукі над маёй хатай – і тысячамі ўкраінскіх дамоў – гэтай раніцай. Супрацьпаветраная абарона адбівае расейскія ўдары. З мінулай ночы Украіна церпіць ад масаваных паветраных атак. Балістычныя, крылатыя і касетныя ракеты, а таксама сотні беспілотнікаў абстрэльваюць людзей па ўсёй краіне», – напісаў ён.
Міністр падкрэсліў, што Расея, нягледзячы на паказное імкненне гаварыць пра мір, да гэтага часу нават не перадала нікому сваю візію гэтага міру ў «мемарандуме», а замест гэтага «пачынае новыя смяротныя атакі супраць Украіны».
«У адрозненне ад міфічнага "мемарандуму", мы дакладна бачым і чуем сапраўдныя "пасланні" Расеі – яе ракеты і дроны», – падкрэсліў Сібіга.
Ён чарговы раз заклікаў да ўзмацнення ціску на Маскву, таму што толькі пасля гэтага яна «пачне сур'ёзна ставіцца да міру».
Take a listen to the sounds above my home—and thousands of Ukrainian homes—this morning. Air defense is repelling Russian strikes.
— Andrii Sybiha 🇺🇦 (@andrii_sybiha) June 1, 2025
Ukraine has been under massive air attack since last night, with ballistic, cruise, and cluster missiles, as well as hundreds of drones, targeting… pic.twitter.com/jp53vGu869