У ДТЗ пад Воранавым загінула аднагадовае дзіця, яшчэ двое дзяцей у шпіталі
9- 30.05.2025, 9:56
- 10,078

Кіроўца ўцёк.
У Воранаўскім раёне 29 траўня каля 23:30 здарылася смяротнае ДТЗ. У аварыі загінула аднагадовае дзіця. Яшчэ двое дзяцей і іх бацькі патрапілі ў лякарню, піша tochka.by.
Сутыкненне адбылося на дарозе Іўе - Трокелі - Радунь. За стырном грузавога аўто быў 55-гадовы кіроўца.
«Пры выездзе з закруглення дарогі ён здзейсніў з'езд на правую па ходзе руху абочыну, у выніку чаго страціў кіраванне. У выніку транспартны сродак апынуўся на паласе сустрэчнага руху», - удакладнілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама.



Пацярпела цэлая сям'я
Там і здарылася лабавое сутыкненне з Audi пад кіраваннем 34-гадовага мужчыны.
Яго разам з 27-гадовай пасажыркай і двума непаўналетнімі дзецьмі даставілі ў шпіталь з пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці.
Трэцяе дзіця (2024 года нараджэння) загінула на месцы аварыі.
Уцёк з месца аварыі
Кіроўца грузавога аўтамабіля ўцёк з месца здарэння. Але неўзабаве міліцыя яго затрымала - тады, як высветлілася, мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Высвятляюцца ўсе дэталі здарэння. Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа.