ВПС ЗША пачалі прадумваць сцэнары паветраных баёў з Расеяй над Еўропай
12- 29.05.2025, 18:48
- 8,578

Патэнцыйны канфлікт паміж NATO і Расеяй будзе істотна адрознівацца ад вайны ва Украіне.
У свежым аналітычным дакладзе Rand Corporation, падрыхтаваным на замову Ваенна-паветраных сілаў ЗША, змяшчаецца прагноз ходу магчымага ваеннага канфлікту паміж NATO і Расеяй. Згодна з высновамі аналітыкаў, Паўночнаатлантычны альянс будзе мець вызначальную перавагу ў паветры, што можа згуляць ключавую ролю ў зыходзе гіпатэтычнага супрацьстаяння, паведамляе The Moscow Times.
Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што патэнцыйны канфлікт паміж NATO і Расеяй будзе істотна адрознівацца ад вайны ва Украіне. «Па-першае, і, магчыма, самае важнае, паветраная перавага NATO, верагодна, парушыць пазіцыйную стагнацыю, характэрную для цяперашніх наземных аперацый у расейска-ўкраінскай вайне», – гаворыцца ў дакладзе.
Асобная ўвага ў дакуменце аддаецца ўрокам, якія ЗША і іх хаўруснікі вынялі з украінскага канфлікту за апошнія тры гады. Сярод іх – адставанне краінаў NATO ва ўжыванні малых беспілотных лётных апаратаў і тэхналогій радыёэлектроннай барацьбы, якія сталі вызначальнымі ў баявых дзеяннях паміж Расеяй і Украінай. Акрамя таго, эксперты адзначаюць сур'ёзныя слабасці Захаду, звязаныя з няздольнасцю абароннай прамысловасці NATO вырабляць дастатковую колькасць боепрыпасаў, асабліва ў параўнанні з расейскімі магчымасцямі. Аднак, нягледзячы на гэтыя складанасці, Альянс захоўвае адчувальную перавагу ва ўдарнай моцы, падкрэсліваецца ў справаздачы Rand.
Згодна з сцэнарамі, змадэляванымі аналітыкамі, у выпадку нападу Расеі на краіну NATO і прад'яўлення тэрытарыяльных прэтэнзій, баявыя дзеянні хутка пяройдуць у вострую фазу. У адказ ЗША і сілы хаўруснікаў распачнуць контрнаступ з мэтай вярнуць страчаныя тэрыторыі. У першыя дні Расея найверагодней зможа нанесці ўдары па NATOўскіх войсках, але потым, як падкрэсліваецца ў дакладзе, «Альянс установіць дамінаванне ў паветранай прасторы над Усходняй Еўропай».
Нейтралізацыя расейскай сістэмы СПА, на думку экспертаў Rand, адкрые шлях для актыўнай выведнай працы і дакладных удараў. Самалёты NATO змогуць адсочваць перамяшчэнні ворага, выяўляць слабыя месцы і наносіць масаваныя ўдары па камандных пунктах, лагістычных цэнтрах і манеўраных баявых падраздзяленнях. Усё гэта, мяркуюць аналітыкі, дазволіць NATO перахапіць ініцыятыву за кароткія тэрміны.
Разам з тым аўтары даклада папярэджваюць пра магчымасць некантраляванай эскалацыі. «Канфлікт падобнай інтэнсіўнасці цалкам можа перарасці ў ядзерную вайну, асабліва калі расейскія войскі панясуць непрымальныя страты або дзеянні NATO будуць успрынятыя як пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Расейскай Федэрацыі», – падкрэсліваецца ў дакуменце.
У дакладзе наўмысна не разглядаліся сцэнары з ужываннем ядзернай зброі. Даследаванне засяроджана выключна на дынаміцы вайны з ужываннем звычайных сродкаў паразы. У Rand удакладняюць, што мадэляванне адбывалася на фоне росту непакою ўнутры NATO з нагоды гатоўнасці блоку да магчымага канфлікту. Выведныя службы альянсу ўжо не раз папярэджвалі: Крэмль можа пайсці на ваенны напад на адну з краінаў NATO цягам найбліжэйшых пяці гадоў.
У выснове аўтары падкрэсліваюць: патэнцыял NATO для вядзення наступальных аперацый у канфлікце з Расеяй істотна вышэйшы, чым у абодвух бакоў у цяперашняй вайне ва Украіне. Гэта, на думку аналітыкаў Rand, можа стаць вызначальным чыннікам у магчымым супрацьстаянні.