Левандоўскі пабіў рэкорд Мэсі і Нэймара
- 26.05.2025, 20:43
- 15,994

Польскі форвард забіў 100 мячоў за «Барселону».
Польскі форвард «Барселоны» Роберт Левандоўскі ў заключным туры Ла Лігі супраць «Атлетыка» з Більбаа аформіў дубль, тым самым пераадолеўшы адзнаку 100 галоў за «сіне-гранатавых» і ўсталяваўшы ўнікальнае дасягненне
Каталонскі гранд упэўнена перамог спаборніка ў госцевым матчы з лікам 3:0. Два галы ў гэтай сустрэчы на свой рахунак запісаў 36-гадовы нападнік каманды Польшчы.
Гэтыя мячы сталі для Левандоўскага 99-м і юбілейным 100-м за «Барселону» ва ўсіх турнірах. Для дасягнення гэтай адзнакі яму спатрэбілася ўсяго 147 матчаў. Такім чынам, ён увайшоў у элітны спіс футбалістаў, якія пераадолелі стагалявую мяжу ў складзе каталонскага клуба.
Польскі бамбардзір абышоў у хуткасці дасягнення 100 галоў цэлы шэраг легендаў «Барсы»: камерунца Самюэля Это'о (154 матчы), бразільцаў Рывалда (172) і Нэймара (177), балгарына Хрыста Стоічкава (187), а таксама васьміразовага ўладальніка «Залатога мяча» аргентынца Ліянэля Мэсі, якому для гэтага спатрэбілася 188 гульняў. Таксама ззаду засталіся нідэрландзец Патрык Клюйверт (203) і гішпанец Луіс Энрыке (251 матч).
Усяго ў гэтым сезоне Роберт набіў 42 галы і аддаў тры дзейсныя перадачы ў 52 гульнях. Нагадаем, што ён прадстаўляе каталонскі клуб з ліпеня 2022 года. Тады Левандоўскі за 45 мільёнаў еўраў перайшоў з мюнхенскай «Баварыі».