Трамп гатовы разам з Еўропай націснуць на Расею
3- 12.05.2025, 16:54
- 4,244

Фота: Getty Images
Прэзідэнт ЗША гатовы ўводзіць новыя санкцыі.
Дональд Трамп у апошнія тыдні больш актыўна каардынаваў свае дзеянні па дасягненні мірнай дамоўленасці ва Украіне з еўрапейскімі краінамі, піша Bloomberg са спасылкай на еўрапейскіх чыноўнікаў. Калі Уладзімір Пуцін будзе і надалей цягнуць з перамовамі, заходнія краіны могуць супольна ўжыць захады для надання дадатковага ціску на Расею.
Нягледзячы на вялікую ўзгодненасць дзеянняў, у сваіх публічных выказваннях Трамп не дэманструе такой жа жорсткай пазіцыі, як прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў. У суботу лідары Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі і Польшчы наведалі Кіеў, прадэманстраваўшы падтрымку Уладзіміру Зяленскаму, і фактычна выставілі Пуціну ультыматум, заявіўшы, што ў панядзелак пачнецца падрыхтоўка новых санкцый, калі Расея не спыніць атакаваць Украіну. Трамп ухваліў іх заяву і ў прыватных гутарках даў зразумець, што будзе дзейнічаць разам з імі, нават калі давядзецца ўводзіць дадатковыя санкцыі, сказаў Bloomberg знаёмы з пытаннем еўрапейскі чыноўнік.
Еўрапейскія лідары патрабуюць, каб Расея з панядзелка прытрымлівалася рэжыму спынення агню; у выпадку працягу нападаў яе чакае рашучы адказ з боку Еўропы і ЗША, сказаў агенцтву ў нядзелю яшчэ адзін высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік. ЗША цалкам падтрымліваюць гэту пазіцыю, дадаў ён.