«Расейскія войскі проста здаліся»: УСУ прасоўваюцца ў Белгародскай вобласці
9- 27.03.2025, 21:07
- 42,860

У Маскве шырыцца незадаволенасць сітуацыяй.
Украінскія войскі прасоўваюцца ўглыб Белгародскай вобласці РФ, нягледзячы на заявы Крамля аб адбіцці атакі. Гэта новае "ціхае ўварванне", піша The Telegraph.
На захадзе Расеі, паблізу ўмацаванай мяжы з Украінай, быў чутны гул бранятэхнікі, якая пераадольвае мінныя палі і барыкады. Калона танкаў і баявых машын пракладала шлях праз перашкоды, пачынаючы новы этап баявых дзеянняў.
Пакуль невядома, ці гэта кароткі рэйд ці доўгатэрміновая аперацыя. Інстытут вывучэння вайны паведамляе аб баях у вёсках Дзямідаўка, Прылессе і Папоўка. Украіна таксама наносіць кропкавыя ўдары па камандных пунктах, мастах і складах.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што робяцца "стратэгічныя крокі" для супрацьдзеяння магчымаму наступу Расеі на Сумы. Прасоўванне ўкраінскіх войскаў у Белгарад, магчыма, адцягне сілы супраціўніка ад гэтага кірунку.
Белгародская вобласць мяжуе з Сумскай, Харкаўскай і Луганскай абласцямі Украіны і выкарыстоўваецца расейскімі войскамі для нападаў. Акрамя таго, рэгіён знаходзіцца побач з Курскам, дзе працягваюцца баі за ўзвышшы, якія могуць мець значэнне для перамоў.
У адрозненне ад Курска, на гэты раз расейскія войскі былі лепш падрыхтаваны.
«Расея, здаецца, была лепш падрыхтаваная да гэтай аперацыі», - сказаў Джон Хардзі, намеснік дырэктара расейскай праграмы Фонду абароны дэмакратый, - «І гэтая аперацыя значна меншая маштабам і сваімі мэтам».
Паводле яго ацэнак, колькасць украінскіх сіл складае менш за батальён, гэта значыць прыкладна 500 салдат. У Маскве шырыцца незадаволенасць сітуацыяй.
«Як гэта адбылося? Расейскія войскі цалкам... Яны проста здаліся. Яны проста сышлі. Пасля гэтага вораг акупаваў гэта», - заявіў расейскі вайсковы карэспандэнт Уладзімір Раманаў, каментуючы страту Дзямідаўкі.
У баявых дзеяннях удзельнічаюць элітныя ўкраінскія падраздзяленні і амерыканскія баявыя машыны Bradley. Пракрамлёўскі вайсковы блогер Рыбар паведаміў пра баі ў Дзямідаўцы:
Супраціўнік неаднаразова спрабаваў пракрасціся ў нашы апорныя пункты праз мяжу. Сітуацыя застаецца напружанай».
«Яшчэ адзін расейскі Telegram-канал Two Majors сцвярджае, што Украіна «расцягвае» расейскія войскі ўздоўж фронту, узмацняючы атакі.
«Дасягненні пакуль сціплыя, але Украіна прасоўваецца наперад і займае высокія пазіцыі», – адзначыў Джон Хардзі, дадаючы, што «занадта рана» казаць аб уплыве аперацыі на агульную сітуацыю на фронце.
«Той факт, што Украіна ўсё яшчэ атакуе праз дзевяць дзён, гаворыць аб спробе стварэння буфернай зоны. Кіеў, магчыма, спрабуе ўзмацніць свае пазіцыі ў перамовах аб спыненні агню. Гэта рызыкоўны план», - сказаў Хардзі.
Ён зазначыў, што Украіне можа не выстарчыць рэсурсаў. Таксама існуе нявызначанасць наконт вайсковай дапамогі ЗША.