Аляксандр Хара: Канфлікт неўнікнёны
7- 25.03.2025, 18:23
- 37,596

Трамп сутыкнецца з прынцыповасцю Украіны і адмовамі Расеі.
Супольная заява паводле вынікаў перамоваў ЗША і Расеі ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) не была прынятая. Што магло адбыцца? Cайт Charter97.org пагутарыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, дырэктарам Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:
– Расея абвінаваціла ўкраінскі бок нібыта ў тым, што мы былі супраць публікацыі ўжо ўзгодненага тэксту. Мы выдатна разумеем, што расейцы заўсёды хлусяць, таму верыць Пяскову, Лаўрову ці камусьці яшчэ не варта.
Якая прычына магла быць ва ўкраінскага боку для блакавання такой пастановы, я сабе ўявіць не магу. Паколькі нічога прынцыповага ў стратэгічнай перспектыве не павінна было быць узгоднена. Гэта тэхнічныя перамовы, як будзе рэалізоўвацца часовае спыненне агню.
– Некаторыя СМІ пісалі, што адным з патрабаванняў Расеі можа быць кантроль над чатырма абласцямі Украіны, якія запісаныя ў расейскую Канстытуцыю. Наколькі гэта падобна на праўду?
– Ведаеце, ёсць украінская прыказка: дурень думкою багатіє. Пуцін сказаў пра гэта, калі каментаваў прапанову амерыканцаў пра ўсебаковае і безумоўнае спыненне агню. Ён там пачаў нешта бляяць пра прычыны канфлікту, што Украіна не павінна мабілізаваць вайскоўцаў і гэтак далей.
Калі б амерыканцы пагадзіліся са сваім падыходам і пачалі б адразу гаварыць пра тыя пазіцыі, якія дыяметральна супрацьлеглыя паміж РФ і Украінай, то ніякага спынення агню, нават часовага і няпоўнага, у прынцыпе не магло б быць.
Натуральна, яны там нешта расказвалі на гэтых перамовах амерыканцам, але думаю, што амерыканцы зацікаўленыя, каб быў пэўны прагрэс як мінімум у рамках гэтага часовага спынення агню. Думаю, што наўрад ці яны ішлі на нейкія саступкі расейскаму боку ў гэтым стратэгічна важным кантэксце.
– Відаць, што гэтыя перамовы заходзяць у тупік. Ці можа быць нейкая жорсткая рэакцыя з боку ЗША? Калі не ў практычным, то ў вербальным плане – нейкая заява пра зрыў перамоваў з боку Расеі?
– Давайце падзелім перамовы аб часовым спыненні агню, потым перамовы пра тое, каб гэтае часовае спыненне агню было доўгім, а потым, адпаведна, перамовы пра мірнае пагадненне.
Калі мы гаворым пра цяперашні этап, то тут кампрамісы магчымыя з абодвух бакоў. Калі ж мы гаворым пра доўгае спыненне агню, то калі яно не будзе датычыцца прычынаў канфлікту, не будзе датычыцца гарантый бяспекі Украіны, то гэта будзе немагчыма.
Я ўжо не кажу пра мірнае пагадненне. Яго ніколі не будзе, пакуль ёсць фюрар расейскага свету, пакуль ёсць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, не вернутыя незаконна вывезеныя ўкраінскія дзеці.
Крызіс у стасунках Украіны і ЗША неўнікнёны, таму што амерыканцы не змогуць праціснуць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на непрымальныя для нас умовы.
Я не бачу ніякай прасторы для кампрамісу ў стратэгічных пытаннях, у тактычных мы ўжо пайшлі на кампраміс. Насамрэч мы прапаноўвалі амерыканцам першапачаткова часовае спыненне агню. Не паўнавартаснае, а на некаторых кірунках. Амерыканцы ж нас пераканалі, што трэба, каб гэтае спыненне агню было безумоўным і ўсёабдымным: у паветры, на зямлі і на моры.
Расейцы ж адмовіліся ад гэтага. Яны пачалі выстаўляць умовы. Гаворыцца пра спыненне агню выключна на выгадных для Расеі ўмовах: не наносіць удары па расейскіх НПЗ і таксама нейкая новая сітуацыя на Чорным моры.
Мы пайшлі на вялікую колькасць кампрамісаў, а Расея не зрабіла нічога. Але Трамп гэта праглынуў, ён хоча хоць нейкага поспеху ці, прынамсі, ягонай візіі. Праз нейкі час ён сутыкнецца з нежаданнем расейцаў ісці далей, альбо з нежаданнем Украіны пагаджацца на геапалітычнае самагубства, страту тэрыторый і адмову ад свайго суверэнітэту.