У Оршы будуць судзіць перадавікоў «Дажынак»
18- 9.02.2025, 18:41
- 22,534

Раней іх расхвальвалі дзяржаўныя СМІ.
11 лютага ў судзе Оршы і Аршанскага раёна пяць чалавек будуць судзіць паводле артыкула 211 ч. 2 Крымінальнага Кодэкса (прысваенне або растрата). Двое з іх - былы і цяперашні работнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства "Межава-Агра". І не проста работнікі, а шматгадовыя перадавікі жніва, піша партал orsha.eu.
Напрыклад, пра Уладзіслава Лапцінскага ў 2021 годзе нават пісала БелТА. Ён стаў героем публікацыі як удзельнік першага "экіпажа-стотысячніка" на Віцебшчыне. Падчас жніва ён працаваў на камбайне разам з бацькам, і ў такім складзе сямейны "экіпаж" некалькі гадоў запар займаў першыя месцы на абласных спаборніцтвах. Паводле звестак агенцтва, Уладзіслаў Лапцінскі працуе на камбайне яшчэ са школьных гадоў, спачатку быў памочнікам камбайнера, а потым стаў камбайнерам, пасунуўшы з гэтай пасады бацьку, Валянціна Лапцінскага. У 2022 годзе яго напарніцай стала сястра Вікторыя. Апошні рэпартаж пра выдатную працу маладога камбайнера выйшаў у ліпені 2024 года.
Арцём Ясяневіч, чыё імя таксама згадваецца ў судовым раскладзе, ужо былы работнік "Межава-Агра". У свой час у гаспадарцы ён лічыўся адным з найлепшых. У час жніва ў 2022 годзе мужчына працаваў кіроўцам, перавозіў збожжа ад камбайнаў. І быў прызнаны пераможцам прафесійнага конкурсу, атрымаўшы падзяку ад кіраўніцтва вобласці і грашовую прэмію сумай 1600 рублёў. І гэта была не першая перамога Арцёма Ясяневіча: яшчэ ў 2019 годзе ён быў дэлегатам абласных «Дажынак» ад Аршанскага раёна. Дарэчы, разам з ім на ўшаноўванне ездзіў Уладзіслаў Лапцінскі.
Сутнасць справы, па якой перад судом паўстануць перадавікі сельскай гаспадаркі з Аршанскага раёна, пакуль невядомая.