Лукашэнка і Крутой звар'яцелі?
12- Марк Дзюба, «Салідарнасць»
- 9.12.2025, 9:15
- 12,704
Чыноўнік проста выконвае ўстаноўку дыктатара.
Пасля некаторай паўзы Дзмітрый Крутой нарабіў шуму сваёй новай ідэяй: маўляў, Беларусь намерваецца стварыць свой грамадзянскі самалёт да 2030 года. Адкуль растуць ногі ў дзіўных ініцыятыў чыноўніка?
Нядаўна кіраўнік Адміністрацыі правіцеля заявіў: «Мы будуем некалькі вытворчых карпусоў — ад афарбоўкі да вытворчасці складаных даўгамерных дэталяў для самалётаў, імпартазамяшчэннем якіх займаюцца расійскія вытворцы. Але ўсё гэта аднаразовыя заказы, сістэмнай працы пакуль, на жаль, няма…
Наша задача — гэта новая школа, новыя кампетэнцыі, якія мы павінны ў сябе ў рэспубліцы пабудаваць. А вяршыняй авіяцыйнага плана будзе стварэнне грамадзянскага самалёта, паўнацэннага, да 2029–2030 года. Вядзецца вялікая праца, і яна працягваецца».
То бок, Дзмітрый Крутой кажа, што ва ўмовах стагнацыі беларускай эканомікі, якая пагаршаецца пад ціскам заходніх санкцый, варта паспрабаваць з нуля стварыць айчынны самалёт. Гм.
Варта нагадаць, што Дзмітрый Крутой «адпальвае» не ўпершыню. Некалькі разоў яму ўдавалася пераплюнуць самога Аляксандра Лукашэнку. Падчас працы паслом у Расіі чыноўнік выдаваў ідэі нават круцейшыя за цяперашнюю.
У 2023-м Крутой заявіў, што Беларусь можа пабудаваць у Расіі… «уласны рачны флот».
У 2024-м прадстаўнік Мінска выступіў з ідэяй будаўніцтва «поўнасцю беларускага порта» ў Прыморскім краі РФ (то бок за 7 тысяч кіламетраў ад Беларусі) — для транзіту тавараў у Кітай.
У тым жа годзе Крутой паведаміў, што Беларусь разглядае «магчымасць удзелу ў праграме будаўніцтва атамнага флоту, які будзе забяспечваць адпаведную навігацыю ў складаных пагодных умовах». Навошта? Каб перапраўляць беларускія тавары ў Кітай праз льды Паўночнага Ледавітага акіяна...
На гэтым фоне ідэя стварэння з нуля беларускага грамадзянскага самалёта выглядае не тое што сціплай, але ўжо не ўражвае шырынёй думкі і фантазіі.
Але што характэрна: пасля агучвання ранейшых шалёных ідэй Крутога яго не тое што, мякка кажучы, не апусцілі на зямлю, а адправілі на павышэнне — у крэсла кіраўніка Адміністрацыі правіцеля. Чаму ж?
Верагодна, адказ у тым, што сваімі цуднымі ідэямі чыноўнік проста выконвае ўстаноўку Лукашэнкі: любымі спосабамі ўлезці ў расійскія інвестыцыйныя праграмы, каб атрымаць фінансаванне для беларускіх прадпрыемстваў.
Правіцель і сам стараецца як можа: толькі нядаўна апусціў рукі пасля доўгіх няўдалых спробаў атрымаць фінансаванне на будаўніцтва другой АЭС.
Таму — не, Дзмітрый Крутой не сышоў з розуму. Тое, што чыноўнік адэкватна ацэньвае рэальнасць, бачна па яго іншых выказваннях.
Практычна адначасова з заявай аб планах стварыць беларускі самалёт чыноўнік выказаў заклапочанасць тым, што ў Расіі беларусы «прайгралі некалькі конкурсаў на пастаўку тралейбусаў з аўтаномным ходам». Крутой мае намер «праводзіць унутранае расследаванне і разбіральніцтва».
Дык што задачы-мінімум для яго цалкам зразумелыя. Што не азначае, што ў будучыні мы не пачуем ад Крутога і іншых прадстаўнікоў рэжыму новыя цудныя ідэі.
Марк Дзюба, «Салідарнасць»