Беларускі банк увёў новы спосаб, як здымаць наяўныя ў банкаматах
1- 6.12.2025, 17:52
- 2,368
Для гэтага не патрэбна картка.
«Белгазпромбанк» запусціў новую паслугу выдачы наяўных у банкаматах. Сродкі можна зняць па QR-кодзе. Пра гэта паведамляецца на сайце фінустановы.
«Лічбавы банкаўскі рытм паскараецца. Цяпер, каб зняць наяўныя, дастаткова паднесці ваш гаджэт з усталяванай на ім праграмай DailyFin да спецыяльна пазначанага банкамата «Белгазпромбанка» — і больш ніякіх пластыкавых картак і PIN-кодаў», — тлумачыць банк.
У фінустанове ўдакладняюць, што гэты спосаб зняцця наяўных можа быць карысны тым, у каго скончыўся тэрмін дзеяння карткі, а таксама тым, хто забыў яе PIN-код.
«Новая паслуга стане памочнікам для ўладальнікаў прылад Apple, дазваляючы атрымаць наяўныя сродкі звыкла, маючы ў руках толькі тэлефон», — паведамляе банк.
Як гэта працуе
Трэба выбраць на экране банкамата функцыю «выдача наяўных па QR-кодзе». «Увайдзіце ў праграму DailyFin і адсканіруйце ўбудаваным сканерам QR-код на экране банкамата, — тлумачыць банк. — На гэтым этапе неабходна ў праграме выбраць рахунак (націскам на выяву патрэбнай карткі), даступны для ажыццяўлення аперацыі выдачы наяўных грашовых сродкаў».
Пасля гэтага на экране банкамата трэба выбраць даступны від валюты і ўвесці суму, якую неабходна зняць. «Пацвердзіце аперацыю ўводам SMS-кода, які прыйдзе на ваш мабільны тэлефон (пазначаны пры рэгістрацыі ў DailyFin), у адпаведнае поле інтэрфейсу банкамата», — дадае банк.
Але ёсць абмежаванні па зняцці наяўных з рахунку па QR-кодзе: у суткі — 500 рублёў (13000 расійскіх рублёў, 150 долараў, 130 еўра, 600 злотых, 1100 юаняў. Таксама ёсць абмежаванне па суме на працягу чатырох сутак.