Пакістан і Афганістан абмяняліся моцным агнём на мяжы
3- 6.12.2025, 11:35
- 1,048
Стрэльба пачалася праз два дні пасля завяршэння новага раўнду мірных перамоў.
Афіцыйныя прадстаўнікі Пакістана і Афганістана паведамілі, што на тле абвастрэння напружанасці пасля чарговага правалу мірных перамоў у пачатку тыдня краіны познім вечарам, 5 снежня, абмяняліся інтэнсіўным агнём уздоўж мяжы. Як піша Reuters, пра ахвяраў пакуль не паведамляецца.
Прадстаўнік радыкальнага ісламскага руху «Талібан» Забіхула Муджахід паведаміў, што пакістанскія войскі атакавалі раён Спін-Балдак у правінцыі Кандагар. У сваю чаргу прадстаўнік прэм'ер-міністра Пакістана абвінаваціў афганскія сілы ў «неапраўданым адкрыцці агню» ўздоўж мяжы ў Чамане.
«Пакістан гатовы да любых дзеянняў і адданы абароне сваёй тэрыторыі і бяспекі грамадзян», — заявіў прэс-сакратар Мошараф Заіді.
Як адзначае Reuters, стрэльба пачалася праз два дні пасля завяршэння новага раўнду мірных перамоў паміж суседзямі з Паўднёвай Азіі, які не прынёс прарыву. Пры гэтым абодва бакі пагадзіліся падтрымліваць крохкае перамір'е.
Перамовы ў Саудаўскай Аравіі мінулага тыдня сталі апошнімі ў серыі сустрэч, арганізаваных Катарам, Турцыяй і Саудаўскай Аравіяй. Мэта якіх — знізіць напружанасць пасля смяротных памежных сутыкненняў у кастрычніку.
Як інфармуе выданне, асновай спрэчкі з’яўляецца заява Ісламабада пра тое, што баевікі з Афганістана здзейснілі нядаўнія напады на тэрыторыі Пакістана, уключаючы выбухі-самагубствы з удзелам афганскіх грамадзян. Кабул адмаўляе гэтыя абвінавачанні, заяўляючы, што не адказвае за бяспеку ўнутры Пакістана.