Што схавалі пра паездку Лукашэнкі ў Аман?
2- 6.12.2025, 8:43
- 5,374
Дыктатар зноў прадае паветра.
Прэс-служба Лукашэнкі паказала шэфа і распавяла, чым ён займаўся ў Амане. Той працаваў паводле ўжо звыклай схемы — «разводзіў» партнёраў на грошы, піша «Салідарнасць».
Калі ўчытвацца ў спіс тэм, якія абмяркоўваў беларускі кіраўнік з прэзідэнтам Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдулсаламам аль-Муршыдзі, узнікае пэўнае недаўменне.
Ключавыя тэмы размовы прыводзіць Пул Першага:
Сумесны беларуска-аманскі інвестыцыйны фонд у Мінску — для фінансавання праектаў на тэрыторыі Беларусі.
Будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Беларусі.
Аманскі лагістычны хаб для беларускіх тавараў і прапрацоўка маршруту «Поўнач–Поўдзень».
Інвестыцыі ў АПК Беларусі з пастаўкамі харчовых прадуктаў у Аман і рэгіён; абмеркаванне экспарту аманскіх морапрадуктаў у Беларусь.
Турыстычны кластар: Аман — як пляцоўка для сумесных праектаў; укладанні ў турыстычныя аб’екты Беларусі.
Трохбаковы праект: стварэнне сумеснай вытворчасці складаных угнаенняў з Алжырам.
І тут як бы паўстае лагічнае пытанне: а што, Аману больш няма куды дзяваць грошы? Іх у яго, канешне, як у дурня фанцікаў, але наўрад ці тамтэйшыя шэйхі спяць і бачаць, як укласціся ў «турыстычныя аб’екты Беларусі» або пабудаваць тут яшчэ адзін стратны цэлюлозна-кардонны камбінат.
Лукашэнка, вядома, бойкі аратар, але нешта падказвае, што нават яго красамоўства было б недастатковым, каб пераканаць у эканамічнай прывабнасці вышэйзгаданых праектаў. Ці ўсё ж аманскае кіраўніцтва пранікнулася ідэяй павярнуць Прыпяць назад?
А вось што было прапанавана нашым «галоўным бізнесменам» для ўзмацнення ўзаемнай цікавасці, падаецца, засталося за кадрам.
З таго, што публічна паабяцаў Лукашэнка аманскім партнёрам у якасці бонуса, было хіба што абяцанне павялічыць турыстычны паток за кошт беларусаў:
— Мы гатовыя да пашырэння паездак нашых людзей сюды. Не толькі ў Эміраты, іншыя краіны, але і ў Аман. Тут казачная прырода, адкрыты акіян. Я ўпэўнены, што нашы людзі з задавальненнем скарыстаюцца гэтым турыстычным напрамкам, — заявіў кіраўнік.
Праўда, не ўдакладніў, што не ўсе беларусы маюць такі ж турыстычны патэнцыял, як і цяперашні ваяжор.