СМІ: ЕС і G7 хочуць па-новаму скараціць нафтавыя даходы Расіі
- 5.12.2025, 21:25
Падрабязнасці.
Еўрапейскі саюз і краіны G7 вядуць перамовы аб замене ліміту цэнаў на расійскую нафту поўнай забаронай доступу РФ да марскіх паслуг з мэтай зменшыць даходы ад энерганосьбітаў, якія дазваляюць Крамлю фінансаваць вайну супраць Украіны.
Пра гэта стала вядома агенцтву Reuters ад шасці інфармаваных крыніц.
Забарона можа стаць часткай наступнага пакета санкцый ЕС супраць Расіі, запланаванага на пачатак 2026 года, паведамілі агенцтву тры з шасці крыніц.
Як адзначаецца ў публікацыі, 27 краін ЕС хацелі б зацвердзіць забарону разам з больш шырокай дамоўленасцю G7, перш чым уключаць яе ў пакет.
Паводле суразмоўцаў, брытанскія і амерыканскія чыноўнікі прасоўваюць гэтую ідэю на тэхнічных пасяджэннях G7.
У той жа час канчатковае рашэнне будзе залежаць ад тактыкі ціску, якую абярэ адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа ва ўмовах мірных перамоваў, якія яна вядзе паміж Украінай і Расіяй, паведамілі чатыры крыніцы.
Хоць G7 і ЕС амаль цалкам спынілі імпарт расійскай нафты з 2022 года, новая мера стане найбліжэйшай да поўнай забароны на гандаль расійскай нафтай не толькі на ўзроўні імпарту, але і на ўзроўні транспартавання і марскіх паслуг.
Расія экспартуе больш за траціну сваёй нафты танкерамі — пераважна ў Індыю і Кітай — з выкарыстаннем заходніх марскіх паслуг. Забарона пакладзе канец гэтаму гандлю, які ў асноўным ажыццяўляецца флотамі марскіх краін ЕС, уключаючы Грэцыю, Кіпр і Мальту.
Група G7 устанавіла абмежаванні на цану расійскай нафты ў 2022 годзе пасля ўварвання Расіі ва Украіну, каб абмежаваць даходы Крамля, адначасова дазваляючы трэцім краінам купляць расійскую нафту з выкарыстаннем заходніх паслуг, але толькі ў тым выпадку, калі пакупнікі плацяць Расіі менш, чым устаноўлены ліміт цаны.
Каб абысці абмежаванні, Расія перанакіравала большую частку сваёй нафты ў Азію на ўласных суднах, многія з якіх з таго часу трапілі пад санкцыі Захаду. Гэтыя суда старыя, іх уладальнікі невядомыя, і яны ходзяць без заходняй страхоўкі.
Адміністрацыя былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сцвярджала, што калі Расія будзе траціць больш грошай на танкеры, у яе застанецца менш грошай на вайну.
Адміністрацыя Трампа больш скептычна ставілася да цэнавага «ліміту» і адмовілася падтрымаць Вялікабрытанію, ЕС і Канаду, калі яны дамовіліся знізіць абмежаванні на сырую нафту з 60 долараў за бараль да 47,6 долара за бараль у верасні 2025 года.