Галоўнакамандуючы ЗСУ назваў колькасць разгорнутых войскаў РФ
- 5.12.2025, 20:52
- 2,564
Яны спрабуюць прасунуцца ўздоўж усёй лініі фронту.
У вайне краіны-агрэсара РФ супраць Украіны ўздоўж лініі фронту (больш за 1250 км) разгорнута больш за 710 тыс. расійскіх акупантаў. Пра гэта ў інтэрв'ю Sky News, апублікаваным 5 снежня, паведаміў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.
Паводле яго слоў, расійскі бок штодня страчвае каля 1000–1100 вайскоўцаў забітымі або параненымі, а «большасць з іх гіне».
«На гэтым этапе расійская армія спрабуе прасунуцца практычна па ўсёй лініі фронту», — сказаў Сырскі.
Ён расказаў, што Сілы абароны Украіны ўсё яшчэ кантралююць паўночную частку Пакроўска Данецкай вобласці і будуць працягваць змагацца за аднаўленне кантролю над астатняй часткай горада, насуперак заявам Масквы пра нібыта яго захоп.
Сырскі адзначыў, што РФ усё яшчэ мае ўдвая больш артснарадаў, чым Украіна, але далёкасць і смяротнасць дронаў ускладняюць эфектыўнае выкарыстанне артылерыі. Цяпер 60% удараў наносіцца дронамі, дадаў галоўнакамандуючы ЗСУ.
Расія, як падкрэсліў Сырскі, штодня запускае да 5 тыс. беспілотнікаў на ўкраінскія пазіцыі ўздоўж лініі фронту, а таксама 1500–2000 дронаў, што скідваюць боепрыпасы.
Але Украіна ў адказ выпускае такую ж колькасць БПЛА і нават больш, дадаў галоўнакамандуючы ЗСУ.
«Што да дронаў, дык тут прыблізна раўнавага. Цяпер мы выкарыстоўваем крыху больш FPV-дронаў, чым расіяне», — указаў Сырскі.