Сырскі патлумачыў ідэю справядлівага міру для Украіны
3- 5.12.2025, 20:06
- 2,824
Іншы фармат для Кіева непрымальны.
Справядлівы мір для Украіны — гэта завяршэнне вайны без папярэдніх умоў. Боі павінны спыніцца па лініі судакранання.
Пра гэта галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў у інтэрв'ю Sky News.
Генерал падкрэсліў, што цяпер галоўная задача — «абароніць украінскую зямлю, краіну і насельніцтва».
«Вядома, для нас непрымальна проста аддаваць тэрыторыю. Што гэта ўвогуле значыць — перадаць нашу зямлю? Менавіта таму мы і ваюем: каб не аддаваць нашу тэрыторыю», — дадаў ён.
Па словах Сырскага, ён нават не дазваляе сабе разглядаць сцэнар, паводле якога Украіна будзе вымушаная аддаць Расіі ўсю Данецкую і Луганскую вобласці.
«Усе войны калісьці заканчваюцца, і, вядома, мы спадзяёмся, што і наша таксама скончыцца. І калі гэта адбудзецца, павінен быць усталяваны справядлівы мір. У маім разуменні справядлівы мір — гэта мір без папярэдніх умоў, без адмовы ад тэрыторыі. Гэта азначае спыненне ўздоўж цяперашняй лініі судакранання», — адзначыў галоўнакамандуючы,
Ён удакладніў, што павінна быць безумоўнае спыненне агню, а затым пачатак перамоваў.
«Любы іншы фармат быў бы несправядлівым мірам, і для нас ён непрымальны», — сказаў Сырскі.