У Пуціна логіка гульца ў казіно
5- Аббас Галлямаў
- 5.12.2025, 18:21
- 1,938
Ён прайграе і павялічвае стаўкі, спадзеючыся адыграцца.
Калі глядзець на вайну з пункту гледжання расійскай грамадскай думкі, то чым даўжэй яна цягнецца, тым лягчэй яе скончыць. Спачатку народ прагнуў перамогі, а цяпер яна яму ўжо не патрэбна. Дастаткова, каб гэты кашмар як мага хутчэй скончыўся. Яшчэ нядаўна думка пра тое, што Расія не можа перамагчы Украіну, была для сярэдняга расіяніна чымсьці невыносным — быццам сярпом па горле, — а цяпер ён да яе прызвычаіўся. Непрыемна, але нічога — жыць можна. Можна пра гэта ўвогуле не думаць.
Пуцін гэтай змены настрояў не ўсведамляе. Ён думае, што чым больш праліта крыві, тым больш пераканаўчым мусіць быць канчатковы вынік, інакш з яго за гэтую кроў спытаюць, — маўляў, навошта тады ўсё гэта было патрэбна? Ён лічыць, што колькасць загінулых павялічвае кошт завяршэння праекта. Забітыя кладуцца ў сабекошт. У яго логіка гульца ў казіно. Той прайграе і павялічвае стаўкі, спадзеючыся адыграцца, пры гэтым па спіне ўжо бяжыць халадок. Ён адчувае, што ўжо банкрут, а спыніцца не можа…
Насамрэч за кроў з яго, сапраўды, спытаюць. І ўсе прэтэнзіі прад'явяць. І праклянуць — гэтага яму ўжо не пазбегнуць. Але гэта будзе праз пэўны час — не адразу. Магчыма, нават праз пакаленне, як было з немцамі пасля Гітлера. А пакуль людзі будуць рады простаму заканчэнню ўсяго гэтага вар'яцтва. Радыкальна змяніўшы парадак дня на карысць мірнага будаўніцтва; барацьбы з карупцыяй; нацыяналізацыі (не паўзучай, як цяпер, а аформленай як паўнавартасны палітычны праект); можа, масавага асваення Сібіры і гэтак далей — можна будзе паспрабаваць адкласці момант, калі грамадства прад'явіць узгаданыя прэтэнзіі.
Аббас Галлямаў, «Фэйсбук»