«Гэта вырашальны момант для гісторыі Еўропы»
- 5.12.2025, 17:09
- 1,626
Швецыя ўзмоцніць падтрымку Украіны.
Урад Швецыі прыняў рашэнне аб спыненні дапамогі Танзаніі, Мазамбіку, Зімбабвэ, Ліберыі і Балівіі, якая аказвалася ў мэтах іх развіцця. Гэтыя сродкі цяпер накіруюць на падтрымку Украіны. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі шведскі міністр знешняга гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Беньямін Дуса.
«Мы бачым, што ў наступным годзе Украіну чакае шмат выпрабаванняў. Жыхароў Украіны чакае найсуровейшая зіма з пачатку вайны. Гэта вырашальны момант для гісторыі Еўропы», — патлумачыў міністр рашэнне ўладаў каралеўства.
Аб’ём дапамогі, які павінны былі атрымаць гэтыя пяць краін, склаў бы 700 млн крон ($74,39 млн) у 2026 годзе і 900 млн крон ($95,64 млн) у 2027-м. Гэтыя дзяржавы не будуць атрымліваць сродкі ад Швецыі пасля 31 жніўня 2026 года. Чакаецца, што ў выніку пераразмеркавання сродкаў аб’ём неваеннай падтрымкі Украіны з боку каралеўства складзе 2 млрд крон ($212,55 млн).
Раней урад Швецыі заяўляў, што бюджэт дапамогі, якая аказваецца ў мэтах развіцця краін, на працягу наступнага года будзе скарачаны з 56 да 53 млрд крон (з $5,95 да $5,63 млрд). Урад таксама закрые ў Балівіі, Ліберыі і Зімбабвэ шведскія пасольствы, асноўная дзейнасць якіх была засяроджана на аказанні дапамогі.