У Літве для барацьбы з кантрабанднымі метэазондамі прапанавалі план «Прывітанне Лукашэнку»
4- 5.12.2025, 13:53
- 3,286
Фота: V. Raupelio / LRT
Вільнюс павінен быць гатовы нанесці ўдар у адказ і павысіць цану.
Літоўскі дэпутат Лаўрынас Кашчюнас лічыць, што ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ў сувязі з гібрыднымі атакамі Літва павінна выкарыстоўваць і «біч», і «пернік». І калі сітуацыя не зменіцца, прапануе план «Прывітанне Лукашэнку». Пра гэта піша LRT.
Дэпутаты Сейма Літвы 5 снежня сустрэліся з прэм'ер-міністаркай Інгай Ругінене, дзе прадставілі кіраўніцы ўрада прапановы па прадухіленні крызісу, які цягнецца ўжо некалькі месяцаў, з-за кантрабанды, якую дастаўляюць метэазонды з Беларусі.
Паводле слоў старшыні «Саюза Айчыны — Літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў» Лаўрынаса Кашчюнаса Літве перадусім варта разглядаць магчымасці вырашэння крызісу з Беларуссю з прыцягненнем дапамогі ЗША.
«Перш за ўсё, кажучы пра палітычна-дыпламатычны аспект, мы павінны выкарыстоўваць і «біч», і «пернік». «Біч» — гэта, без сумневу, санкцыі Еўрапейскага саюза, іх умацаванне і паглыбленне. Гэта няпростая задача, бо многія краіны ЕС цяпер арыентуюцца на дзеянні амерыканцаў», — адзначыў ён, падкрэсліўшы змяненне падыходу ЗША да Мінска.
Акрамя дыпламатычных намаганняў, Кашчюнас падкрэсліў, што Літве варта вызначыць дакладны тэрмін, на працягу якога можна чакаць змяненняў у сітуацыі з Беларуссю. А калі сітуацыя не зменіцца, Вільнюс павінен быць гатовы да асобнага плана мер у адказ. Палітык вобразна называе яго «Прывітанне Лукашэнку».
«Калі амерыканскі шлях не дае вынікаў, дзяржава павінна быць гатовая да асобнага плана. Я называю яго «Прывітанне Лукашэнку», дзе мы гатовыя прыняць пэўныя рашэнні, якія маглі б нанесці ўдар у адказ і павысіць цану», — адзначыў дэпутат.
Аднак падрабязнасцяў плана ён журналістам не раскрыў.