5 снежня 2025, Пятніца, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна вядзе «зачыстку» расійскай стратэгічнай авіяцыі

2
Украіна вядзе «зачыстку» расійскай стратэгічнай авіяцыі

Колькі засталося самалётаў, якія бамбяць мірныя гарады?

Удар украінскіх дронаў па авіязаводзе ў Таганрозе стаў не першым налётам на гэты аб’ект, але найбольш выніковым: Расія страціла знішчанымі як мінімум самалёты А-60 і А-100ЛЛ. Наколькі гэтая страта балючая для агрэсара і што сёння са стратэгічнай авіяцыяй РФ у цэлым — паспрабуем разабрацца.

Паспяховы ўдар

Шматлікія расійскія прафільныя пляцоўкі адразу пасля ўдару па Таганрозскім авіяцыйным навукова-тэхнічным комплексе імя Г. М. Берыева (25 лістапада) адзіным парывам пачалі заяўляць, што знішчэнне А-60 і А-100ЛЛ — гэта ні пра што, бо гэтыя самалёты ўжо даўно трэба было адправіць на ўтылізацыю. Карацей, украінцы знішчылі «нікому не патрэбнае клам’ё».

Але ці так гэта насамрэч? Забягаючы наперад, скажу — не, але праўда схаваная ў дэталях.

А-60

Кожны, хто ўмела карыстаецца пошукавымі сістэмамі кшталту Google або Wikipedia, лёгка можа даведацца, што самалёт А-60 — гэта «лятаючая лабараторыя» на базе транспартнага самалёта Іл‑76МД, пераробленая ў платформу для выпрабаванняў лазернай зброі і дапаможных лазерных сістэм.

Ідэя стварэння такой сістэмы ўзнікла ў 1970-я, і перад канструктарамі стаяла задача распрацаваць сістэму, здольную выпраменьваць магутны лазер з паветра — для барацьбы з аэрастатамі, паветранымі і касмічнымі мэтамі.

Праект так і не паказаў уражлівых вынікаў і не дайшоў да серыйнай вытворчасці, а першы з экзэмпляраў у 1989 годзе згарэў на падмаскоўным аэрадроме Чкалаўскі. Нягледзячы на гэтую няўдачу, у праекце бачылі перспектыву, і ў 1991-м быў зроблены другі А-60, распрацоўку і дапрацоўку якога то адраджалі, то зноў ставілі на паўзу. Тым не менш ад А-60 не адмаўляліся хаця б таму, што гэта ўнікальны для расійскага авіябудавання самалёт. Але пабудаваць яшчэ адзін самалёт такога праекта ў Расіі папросту няма магчымасці. І вось адзіны ў сваім родзе экзэмпляр быў знішчаны.

А-100ЛЛ

Гэты самалёт таксама з’яўляецца лятаючай лабараторыяй, але ў пытаннях развіцця далёкай радыёлакацыйнай авіяцыі ад А-50 да перспектыўнага А-100.

Менавіта на гэтым самалёце праводзіліся выпрабаванні абсталявання і сістэм, якія павінны былі ўжывацца на А-100, патэнцыйнай замене маральна і тэхнічна састарэлага і вычарпанага А-50. Праўда, з улікам патрабаванняў і характарыстык, закладзеных у А-100, нават гэты самалёт ДРЛО ўжо лічыцца таксама маральна і тэхнічна састарэлым.

Знішчэнне гэтага самалёта ставіць пад пытанне ўвесь праект А-100. Вядома, у Расіі ёсць магчымасць стварыць яшчэ адну такую лятаючую лабараторыю, але на гэта неабходныя час, сродкі і… тэхналогіі. Тое, чым Расія валодае цяпер, не ў тым аб’ёме, як да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Стратэгічная авіяцыя

Налёты украінскіх дронаў час ад часу дзівяць і прадстаўнікоў расійскай ядзернай трыяды — самалёты стратэгічнай катэгорыі, да якіх адносяцца Т-95МС (асноўны носьбіт ракет Х-101), Ту-22М3 (асноўны носьбіт ракет Х-22/32) і Ту-160, які таксама з’яўляецца носьбітам Х-101.

Падчас нядаўняга ўдару па ТАНТК імя Берыева ў Таганрозе мінімум адзін Ту-95МС атрымаў пашкоджанні, а, паводле паведамленняў шэрагу крыніц, яшчэ адзін Ту-95 згарэў у ангары.

У цэлым Украіна пачынаючы з 2022 года спрабуе сістэмна наносіць удары па базах размяшчэння Ту-95МС, Ту-22М3 і Ту-160.

Першы вэрыфікаваны ўдар быў нанесены па авіябазе «Энгельс» 5 снежня 2022 года, калі сур’ёзныя пашкоджанні атрымалі два расійскія Ту-95МС. Тады ж удар быў нанесены і па аэрадроме «Дзягілева», дзе пашкоджанні атрымаў самалёт Ту-22М3.

Паляванне на расійскую стратэгічную авіяцыю працягвалася ўсе гэтыя гады, але самай маштабнай і выніковай стала аперацыя СБУ «Павуціна». Дагэтуль ідуць спрэчкі, колькі было знішчана і пашкоджана расійскіх самалётаў у ходзе гэтай аперацыі, і нават маніторынгавыя групы і OSINT-даследнікі не адзіныя ў меркаванні адносна колькасці страт ворага. Але бясспрэчна, што гэта быў самы выніковы і балючы ўдар па расійскай стратэгічнай авіяцыі.

У цэлым, паводле вэрыфікаваных даных, за час поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расійская стратэгічная авіяцыя страціла дзесяць Ту-95МС, адзінаццаць Ту-22М3 і адзін Ту-160.

Варта адзначыць, што на момант поўнамаштабнага ўварвання на ўзбраенні ВКС РФ знаходзілася каля 60 самалётаў Ту-95МС, прыблізна 30 з іх былі ў лётным, баяздольным стане. З улікам вэрыфікаваных страт у баяздольным стане ўжо павінна знаходзіцца не больш за 20 адзінак, але важны фактар зносу гэтых машын. Паводле пэўнай інфармацыі, у распараджэнні Расіі знаходзіцца баяздольных не больш за 10 бортаў Ту-95МС, што значна абмяжоўвае яе магчымасці ў прымяненні ракет Х-101.

Вытворчасць Ту-95МС у Расіі адсутнічае, і аднавіць яе не ўяўляецца магчымым.

Стратэгічных ракетаносцаў-бамбардзіроўшчыкаў Ту-22М3 у ВКС РФ лічылася 51, з якіх у лётным, баяздольным стане таксама было каля 30 самалётаў. З улікам аперацый, праведзеных з 2022 года ўкраінскімі спецслужбамі, а таксама катастроф па тэхнічных прычынах, ВКС РФ страцілі за час поўнамаштабнага ўварвання не менш за 21 самалёт.

Вытворчасць Ту-22М3 у Расіі носіць імітацыйны характар, гэта значыць з савецкіх заделаў фюзеляжаў, якія засталіся пасля распаду СССР, збіраюць нібыта новыя самалёты. Насамрэч гэта дасборка «неажыццёўленых» на мяжы канца 1980-х — пачатку 1990-х машын. Магчымасць жа Расіі сёння вырабляць абсалютна новыя Ту-22М3 на аснове новых фюзеляжаў — дыскусійная і выклікае скепсіс.

Стратэгічныя ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі Ту-160 апошнім часам усё часцей сталі выкарыстоўвацца праціўнікам для прымянення ракет Х-101 па Украіне. Аднак гэта вымушаная мера, а не дэманстрацыя магчымасцяў, бо пасля аперацыі «Павуціна» ў ВКС РФ сур’ёзны дэфіцыт Ту-95МС для ажыццяўлення масіраваных пускаў гэтых ракет.

Ту-160 — гэта вельмі затратны ў пытаннях абслугоўвання, рамонту і эксплуатацыі самалёт, прычым з надзвычай сумнеўнымі функцыянальнымі характарыстыкамі. Акрамя таго, яго рэсурс расходуецца значна хутчэй, чым у Ту-95МС. Пры гэтым у Расіі Ту-160 ўсяго 16, з якіх толькі 10 у адносна лётным, баяздольным стане.

Так, у ноч на 3 верасня падчас чарговага масіраванага налёту на Украіну адзін з Ту-160 не змог запусціць ракеты Х-101 з-за адмовы пускавога механізму. Гэта чарговы раз дэманструе ступень аварыйнасці гэтых самалётаў, якія, дарэчы, гэтак жа, як і Ту-22М3, вырабляюцца ў Расіі ў імітацыйным рэжыме.

Высновы

Расія панесла ў ходзе ўдару па ТАНТК імя Берыева ў Таганрозе сур’ёзныя, непапраўныя страты. Расійскія прапагандысты могуць расказваць што заўгодна адносна знішчэння А-60 і А-100ЛЛ, але факт неаспрэчны: расійская прамысловасць ніколі не зможа паўтарыць ніводзін з гэтых унікальных самалётаў. Гэта страта, якую немагчыма ацаніць фінансава, паколькі, як адзіныя экзэмпляры, гэтыя самалёты былі бясцэннымі.

Аналагічна і стратэгічныя Ту-95МС, што трапілі пад удар на тым жа авіяпрадпрыемстве. У цэлым, як і ўся расійская стратэгічная авіяцыя, на якую Украіна працягвае сістэмнае паляванне з планамерным і паслядоўным яе знішчэннем.

Не выключана, што вайна з Украінай можа скончыцца для расійскай стратэгічнай авіяцыі значна раней, чым сама вайна. Бо ў пэўны момант у Расіі папросту не застанецца лётных, баяздольных «стратэгаў».

Шайгу! Кхм… Белоусаў! Герасімаў! Дзе ядзерная трыяда?

Аляксандр Каваленка, OBOZ.UA

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках