ЗСУ ўзялі ў палон ураджэнца Беларусі
5- 5.12.2025, 13:20
- 3,912
Расіяне адправілі яго ў штурмавікі.
У палон ва Украіне трапіў Руслан Гудач 1985 года нараджэння, які ваяваў у складзе расійскай арміі. Пра гэта паведамілі ўкраінскія тэлеграм-каналы.
Канал «Дождусь тебя» піша, што Гудач з вёскі Гонелькі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.
На відэа палонны распавядае, што спрабаваў займацца бізнесам, але збанкрутаваў. Да яго ўзніклі прэтэнзіі, што ён недаплаціў падаткаў дзяржаве (якой — Гудач не ўдакладняе, але, найверагодней, маецца на ўвазе РФ. — Заўв. рэд.), за што «свяціла восем гадоў».
«І ў нашых сілавых структурах прапанавалі, як варыянт, заплюшчыць на гэта вочы, калі я пайду на СВА», — працягвае Гудач.
Паводле яго слоў, ён спрабаваў праз знаёмых уладкавацца на «тыловую пасаду», але яго адправілі ў штурмавікі.
ЗСУ ўзялі яго ў палон на тэрыторыі Курскай вобласці. Ён кажа, што два месяцы хаваўся па падвалах, перш чым трапіў у палон.
Раней сайт Charter97.org пісаў, што ў палоне ў ЗСУ апынуліся яшчэ трое беларусаў, якія ваявалі за РФ.