ЗСУ паразілі адзін з найбуйнейшых хімічных заводаў РФ
1- 4.12.2025, 23:39
- 10,750
Чым ён важны?
Сілы абароны Украіны ўначы на 4 снежня паразілі адно з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў РФ — «Невіннамыскі Азот» у Стаўрапальскім краі. Аб гэтым у Facebook праінфармаваў Генштаб ЗСУ.
Паведамляецца, што ўкраінскія вайскоўцы здзейснілі атаку ў межах «зніжэння наступальнага патэнцыялу» РФ, а таксама «здольнасцей праціўніка да ракетна-бомбавых удараў».
«Завод з'яўляецца крытычна важнай складовай ваенна-прамысловага комплексу ворага з магутнасцю вытворчасці больш за 1 млн тон аміяку і да 1,4 млн тон аміячнай салетры ў год, што робіць яго адным з ключавых пастаўшчыкоў базавых кампанентаў для выбуховых рэчываў і вытворчасці боепрыпасаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Як указалі ў Генштабе ЗСУ, завод на пастаяннай аснове забяспечвае шэраг прадпрыемстваў ВПК РФ і «выконвае функцыі хімічнага хаба» ў сістэме тэхнічнага забеспячэння баявых дзеянняў.
«Паражаны адзін з вытворчых цэхаў, на аб'екце зафіксаваны пажар», — сказана ў паведамленні.
Акрамя таго, пацверджаныя вынікі паражэння скопішча жывой сілы праціўніка на палігоне паблізу Дакучаеўска (часова акупаваная тэрыторыя Данецкай вобласці), дадалі ў Генштабе ЗСУ.
«Па пацверджаных дадзеных, страты праціўніка склалі 60 вайскоўцаў забітымі і параненымі», — паведамілі ўкраінскія вайскоўцы.