Сырскі прыняў важнае рашэнне адносна Пакроўска
10- 4.12.2025, 23:01
- 42,734
Пасля нарады з камандзірамі баявых падраздзяленняў ЗСУ.
Баі за Пакроўск працягваюцца. Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць паўночную частку горада. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.
Паводле яго слоў, украінскія байцы ў раёне Пакроўска і Мірнаграда не даюць захопнікам магчымасці сканцэнтраваць штурмавыя пяхотныя групы і прасоўвацца ў абыход гэтых населеных пунктаў.
«Непасрэдна ў гарадах нашы воіны працягваюць утрымліваць пэўныя раёны», — напісаў Сырскі.
Ён дадаў, што вораг не зважае на страты жывой сілы, тым часам украінскія камандзіры маюць яснае разуменне важнасці захавання жыцця і здароўя падначаленага асабовага складу.
«З гэтай мэтай у ходзе нарады з нашымі камандзірамі ўдакладнілі пытанні ўзгодненага прымянення, забеспячэння прасоўвання і своечасовай замены падраздзяленняў, якія праводзяць пошукава-штурмавыя дзеянні для выяўлення і ліквідацыі ворага», — гаворыцца ў паведамленні.
Сырскі падкрэсліў, што камандзіры прынялі шэраг рашэнняў па баявым кіраванні, узаемадзеянні і ўсебаковым забеспячэнні прыцягнутых сіл і сродкаў.
«У гэтым кантэксце асаблівую ролю адыгрываюць пытанні арганізацыі дадатковых лагістычных шляхоў, своечасовай медыцынскай эвакуацыі, а таксама вядзення контрабатарэйнай барацьбы і процідзеяння варожым БПЛА», — рэзюмаваў галоўнакамандуючы ЗСУ.