Работнікам стратэгічнага завода ваенна-марскога флоту РФ перасталі плаціць заробак
5- 17.12.2025, 13:33
- 3,708
Наступіў час «зацягнуць паясы».
Работнікі Кінгісепскага механічнага завода, які забяспечвае ваенна-марскі флот і ўваходзіць у спіс стратэгічных прадпрыемстваў Расіі, паскардзіліся на запазычанасць па заробку. На старонцы КМЗ у сацсетцы «ВКонтакте» супрацоўнікі пішуць, што не атрымліваюць грошы ўжо больш за тры месяцы. «Наступіў панядзелак, а за верасень нічога так і не далі», — гаворыцца ў каментары ад 15 снежня. Паводле слоў яшчэ аднаго працоўнага, яму завінаваціліся 200 тысяч рублёў. Таксама людзі адзначаюць, што адміністрацыя групы выдаляе скаргі на неплацяжы, піша The Moscow Times.
Кіраўніцтва завода сцвярджае, што цалкам пагасіла запазычанасці перад супрацоўнікамі. «На сёння ў групе кампаній «КМЗ» адсутнічаюць затрымкі па выплатах заработнай платы. Поўны разлік, які належыць па заканадаўстве пры звальненні, атрымалі ў тым ліку і тыя, хто не дачакаўся стабілізацыі сітуацыі і збег з карабля», — заявілі ў прэс-службе КМЗ. Аднак апытанне, праведзенае работнікамі ў сацсетцы, паказала, што 49% з іх дагэтуль не атрымалі ўсіх належных ім грошай.
Яны паведамілі пра намер звярнуцца на «прамую лінію» да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Гэта выклікала незадаволенасць гендырэктара КМЗ Анатоля Русіна. Ён раскрытыкаваў работнікаў за тое, што яны «пішуць даносы» ў той час, калі ідзе вайна з Украінай.
«Наступіў час зацягнуць паясы. Для нас дзіўна, што супрацоўнікі, якія столькі гадоў паспяхова працавалі ў нашай кампаніі і раслі разам з намі, пішуць няпраўдзівыя лісты і даносы на прадпрыемства і яго кіраўніцтва ў той час, калі наша краіна змагаецца за мір, за будучыню нашых дзяцей», — заявіў Русін.
Пра тое, што КМЗ ужо некалькі месяцаў не выплачвае заробак, стала вядома ў пачатку лістапада. Прадстаўнікі завода тлумачылі затрымкі «значнай дэбіторскай запазычанасцю». Частка работнікаў звернулася ў пракуратуру, інспекцыю працы, да гарадскіх уладаў, а таксама напісала калектыўную скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта.
У выніку пракуратура запатрабавала ўстараніць парушэнні. Пасля гэтага пачалі закрываць даўгі. У інспекцыі працы паведамлялі, што па стане на 10 лістапада завод быў вінны заробак 2218 работнікам, у тым ліку 51 звольненаму, на агульную суму больш за 47 млн рублёў.
Кінгісепскі механічны завод вырабляе і рамантуе суднавае і энергетычнае абсталяванне: дызельныя і газатурбінныя рухавікі, кампрэсары высокага ціску, лябёдкі, шпілі, аўтаномныя дызель-генератары, абсталяванне для ліквідацыі разліваў нафты, а таксама марскія дроны, абслугоўваючы як ВМФ, так і грамадзянскі сектар.
Паводле даных Расстата, з студзеня па кастрычнік агульная запазычанасць па заробку вырасла ў шэсць разоў — з 370 млн да амаль 2,2 млрд рублёў. З затрымкамі і неплацяжамі заробку сутыкнуліся рабочыя Волкаўскага радовішча на Урале, «Яраслаўскага суднабудаўнічага завода» (ЯСЗ), Сібірскага інстытута праектавання прадпрыемстваў машынабудавання («Сибпромпроект»), а таксама рабочыя-вахцёры ў Свердлоўскай і Калінінградскай абласцях, Ямала-Ненэцкай аўтаномнай акрузе, Краснаярскім краі, Прымор’і, на Чукотцы.