Sky News: Дачка экс-прэзідэнта ПАР апынулася ў цэнтры скандалу з вярбоўкай людзей для РФ
4- 17.12.2025, 9:21
- 3,972
Журналісты падрабязна высветлілі, як гэта адбывалася.
Расія падманам уцягвае паўднёваафрыканцаў у баявыя дзеянні супраць Украіны, выкарыстоўваючы абяцанні працы і навучання, моўны бар'ер і давер да ўплывовых асоб, напрыклад дачкі былога прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР). Sky News падрабязна высветліла, як гэта адбываецца.
Паўднёваафрыканец распавёў журналістцы, якая прыехала ў ПАР, як яго старэйшага брата завабілі ваяваць за Расію на Данбасе.
«Для іх гэта самагубчая місія, бо яны ніколі не праходзілі вайсковай падрыхтоўкі. У іх няма вайсковых навыкаў, няма вайсковага досведу. Яны проста ахоўнікі, якія хочуць атрымаць працу і забяспечыць свае сем'і. І ўсё», — кажа Бонгані (імя зменена з меркаванняў бяспекі).
Паводле слоў Бонгані, яго брат разам прынамсі з 16 іншымі паўднёваафрыканцамі вылецеў у Расію рэйсам праз Дубай пасля таго, як ім паабяцалі навучанне на ахоўнікаў. Аднак пасля падпісання кантракта на рускай мове сітуацыя змянілася.
«Праблемы пачаліся, калі іх перавезлі з Расіі ва Украіну. Яны спыталі: „Хлопцы, куды мы зараз едзем? Мы ж тут дзеля навучання?“ А расіяне адказалі: „Навучанне для чаго? Мы нічога не ведаем пра навучанне. Мы ведаем толькі тое, што вы падпісалі кантракт. Цяпер вы пад нашым камандаваннем — пад камандаваннем расійскай арміі“, — кажа Бонгані.
Sky News бачыла відэапаведамленне фармату SOS ад паўднёваафрыканцаў, якія распавядаюць, што іх падманам утрымліваюць і адпраўляюць на перадавую ва Украіне. На кадрах мужчына ў вайсковай форме апісаў момант заключэння кантрактаў. Ён сцвярджаў, што дачка былога прэзідэнта ПАР Джэйкаба Зумы Дудузіле Зума-Самбудла заахвочвала іх «паставіць подпіс».
Рэклама
«Мы адмаўляліся падпісваць кантракты, бо яны былі напісаныя на рускай мове, якой мы не разумелі. Мы папрасілі перакладчыка. Нам сказалі, што няма сувязі. Менавіта тады прыйшла Дудузіле разам з мужам па імені Хоса. Яна сказала, што мы павінны падпісаць кантракты, таму што тое самае зрабілі і яны. Дудузіле сказала, што праходзіць той жа курс і тое ж навучанне, што і мы, але, на жаль, не будзе з намі, бо вучыцца дзесьці ў іншым месцы. Так, мы пагадзіліся. Мы падпісалі гэтыя паперы, бо давяралі гэтай жанчыне», — кажа ён.
Зуму-Самбудлу вінавацяць у гандлі паўднёваафрыканскімі мужчынамі з мэтай вярбоўкі наймітаў. Яна адмаўляла ўсе абвінавачанні і заявіла, што сама стала ахвярай падману, увядзення ў зман і маніпуляцый, піша выданне.
Паўднёваафрыканская паліцэйская служба паведаміла, што цяпер расследуе гэтыя заявы. Зума-Самбудла склала паўнамоцтвы дэпутаткі парламента і не дала каментар на запыт Sky News.
У правінцыі Гаўтэнг каля Ёханэсбурга журналісты сталі сведкамі яшчэ адной справы пра верагодную вярбоўку наймітаў. Пяцярых падазраваных вывелі ў перапоўнены зал суда ў Кемптан-Парку пасля затрымання пры спробе вылецець з аэрапорта ў Ёханэсбургу. Паліцыя атрымала наводку, што яны нібыта накіроўваліся ў Расію праз Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. На лаўцы падсудных апынулася таксама 39-гадовая Патрыцыя Мантуала, якую абвінавачвалі ў вярбоўцы гэтых мужчын. Урэшце суд адпусціў усіх пяцярых пад заклад пасля пераносу слухання.
Прадстаўнік Упраўлення па расследаванні прыярытэтных злачынстваў палкоўнік Катлего Могале паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі, што следства не выключае новых арыштаў.
На фоне прыкметаў росту вярбовачнай кампаніі сем'і тых, хто, паводле іх слоў, апынуўся ў пастцы і ваюе за Расію ва Украіне, спрабуюць дамагчыся вяртання сваіх блізкіх дадому.
«Вы маеце справу з людзьмі, якія добра вядомыя ў Паўднёвай Афрыцы, а тут ніхто не адчувае сябе ў бяспецы, і мы можам ніколі не даведацца, што з намі будзе далей», — сказаў Бонгані.