Коул заявіў пра намер адразу вызваліць каля тысячы палітвязняў у Беларусі
7- 16.12.2025, 22:24
- 4,136
Па яго словах, гэта можа адбыцца «цягам некалькіх месяцаў».
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коул распавёў пра магчымае адначасовае вызваленне каля 1000 беларускіх палітвязняў. Пра гэта ён заявіў у пасольстве ЗША ў Вільнюсе, перадае «Зеркало».
«Я б хацеў, каб гэта была адна вялікая група, але з гэтым трэба разабрацца. Гэта праблема лагістыкі — сабраць каля тысячы чалавек і даставіць іх туды, дзе яны павінны быць», — сказаў Коул.
Па яго словах, гэта можа адбыцца «цягам некалькіх месяцаў».
Нагадаем, 13 снежня, пасля візіту Коула ў Беларусь, на волю з калоній выйшлі 123 палітвязні — іх выдварылі з краіны. Большасць — ва Украіну (упершыню), некалькіх — у Літву (не ўпершыню).
Сярод вызваленых — Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Марына Золатава. Большасць з іх, у тым ліку 109 грамадзян Беларусі, вывезлі ва Украіну. Адтуль іх па жаданні і пасля аказання медыцынскай дапамогі пераправяць у ЕС.
Пасля гэтага Коул паведаміў, што ў бліжэйшыя месяцы ў Беларусі можа быць вызваленая адна буйная група палітвязняў. Па яго словах, у выпадку поўнага вызвалення палітвязняў можа быць знятая большая частка санкцый з Беларусі.
— Я лічу, што гэта справядлівы абмен, — дадаў спецпасланнік Трампа.