Зяленскі падтрымаў ідэю Мерца пра перамір'е на Раство
2- 16.12.2025, 9:19
- 1,520
Але ёсць фактар непрадказальнасці РФ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў ідэю канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца адносна каляднага перамір'я паміж Украінай і РФ. Аднак, паводле яго слоў, многае залежыць ад палітычнай волі агрэсара і выпрацаваных Кіевам дакументаў.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта заявіў Зяленскі, адказваючы на пытанні СМІ.
Ён адзначыў, што не можа адказваць за пазіцыю Расіі адносна перамір'я на Раство, аднак сам падтрымлівае ідэю Мерца.
«За РФ адказваць не буду, адкажу як прэзідэнт Украіны. Фрыдрых сапраўды прапанаваў такую ідэю. І яна сёння (15 снежня — рэд.) была абвешчана ім як афіцыйна, так і падчас нашых размоў. Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымліваюць такую ідэю. Я як прэзідэнт, безумоўна, падтрымліваю такую ідэю. Лічу, што энергетычнае перамір'е — гэта нармальна, любое. Любое перамір'е мы будзем падтрымліваць», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі таксама дадаў, што Кіеў падтрымлівае Еўропу і ЗША ў кроках па заканчэнні вайны ва Украіне.
«Шмат чаго, напэўна, залежыць ад палітычнай волі Расіі. Але асобна хачу сказаць, што многія рэчы залежаць ад нашых распрацовак па дакументах», — падсумаваў кіраўнік Украіны.