ЗСУ знішчылі трубу, праз якую расіяне заходзілі ў Купянск
1- 13.12.2025, 22:53
- 3,962
Для знішчэння трубы выкарыстоўвалі тры тоны выбухоўкі.
На Харкаўшчыне працягваецца аперацыя ў Купянску. Але ўжо можна казаць пра значныя поспехі Сіл абароны Украіны. Пра гэта паведамляе «Ахілес».
429-ы асобны полк беспілотных сістэм «Ахілес» успомніў, як гэта было. Байцы зайшлі ў абарончую паласу Купянска ў канцы красавіка.
- З першага дня мы працавалі над ключавымі задачамі: ліквідацыя асабовага складу праціўніка, узяцце пад агнявы кантроль перапраў і мініраванне напрамкаў магчымога прасоўвання ворага. У працэсе разведкі быў выяўлены нетыповы, але крытычна важны канал лагістыкі — труба, якую праціўнік выкарыстоўваў для інфільтрацыі свайго асабовага складу на паўночную ўскраіну Купянска. Гэта быў бяспечны шлях, які дазваляў ворагу назапашваць сілы, абыходзячы агнявы кантроль, – акцэнтавалі вайскоўцы.
Таму полк беспілотных сістэм пачаў працаваць над тым, каб знішчыць трубу. Для яе паражэння выкарысталі тры тоны выбухоўкі. У далейшым да аперацыі па знішчэнні трубы далучыліся сумежныя падраздзяленні Сіл абароны Украіны.
Акрамя перамяшчэння расіян па трубе, былі і іншыя пагрозы. Напрыклад, варожыя экіпажы дроншчыкаў. «Ахілес» біў па ўкрыццях іх пазіцый, дзе вораг штодня ўсталёўваў антэны і карэктаваў паражэнні лагістычных шляхоў Купянска. Такім чынам была знішчана 61 машына акупантаў.
Што да штурмаў, то расіяне выкарыстоўвалі тактыку штурмаў малымі пяхотнымі групамі. З красавіка і да снежня ў Купянску і на падступах нашы аператары БПЛА ліквідавалі 998 расіян і паранілі 879.
Таксама «Ахілес» паражаў бранятэхніку і артылерыйскія сістэмы расіян. А яшчэ ўсталёўвалі невыбуховыя загароджы, мінявалі лагістычныя шляхі, знішчалі варожыя засады і прыкрывалі пяхотнікаў, калі ў суседняе ўкрыццё ўрываўся праціўнік.
- Аперацыя на Купянскім напрамку працягваецца – Сілы беспілотных сістэм працягваюць ажыццяўляць паветраную падтрымку пяхотных і штурмавых груп Сіл абароны Украіны і браць пад агнявы кантроль праціўніка. Дзякуй усім падраздзяленням за братэрства, дапамогу, узаемавыручку ў рэалізацыі сумесных задач. Купянску быць! – адзначылі ў «Ахілесе».