Польскі генерал Яраслаў Грамадзінскі: Калі Расія нападзе, мы ўвойдзем у Калінінград
1- 11.12.2025, 22:54
- 1,058
Былы камандуючы Еўракорпусам папярэдзіў Маскву.
Былы камандуючы Еўракорпусам, генерал Яраслаў Грамадзінскі, у інтэрв'ю польскаму выданню Fakt заявіў, што НАТА варта ажыццявіць інтэрвенцыю ў Калінінградскую вобласць у выпадку нападу Расіі. Паводле слоў Грамадзінскага, стратэгія Польшчы павінна напрамую прадугледжваць магчымасць нейтралізацыі пагрозы, якая зыходзіць з Калінінграда, а пры прыняцці рашэння аб нападзе Масква павінна ўлічваць наступствы такіх дзеянняў для Калінінграда.
Для блакады рэгіёну спатрэбяцца сілы, у тры разы большыя за групоўку, неабходную для яго «вывядзення з ладу», — заявіў Грамадзінскі. Ён дадаў, што за дзесяцігоддзі ў арміі ўкаранілася думка, што па Калінінградзе нельга наносіць адказны ўдар, нават калі ён стварае пагрозы краінам НАТА. «Сёння логіка іная: калі вы атакуеце нас, мы можам увайсці туды. І Расія павінна гэта разумець», — заявіў ён. На думку Грамадзінскага, такі сігнал сфармуе для Крамля стратэгічныя дылемы, а адкрытае агучванне такіх сцэнарыяў умацоўвае нацыянальную бяспеку краін НАТА, бо дэманструе рашучасць абараняць тэрыторыю ўсімі даступнымі сродкамі.
Грамадзінскі лічыць, што расійская армія не зможа аднавіць баяздольнасць раней чым праз пяць–шэсць гадоў. І толькі пры ўмове доступу да тэхналогій і рэсурсаў, якія цяпер абмежаваныя. Паводле ацэнак генерала, Расія страціла сотні тысяч вайскоўцаў і дзясяткі тысяч адзінак бранятэхнікі і артылерыі, што робіць немагчымым вядзенне новых наступальных аперацый па-за межамі Украіны ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Аднак гэта не азначае адсутнасці рызыкі. Масква актыўна перабудоўвае ваенную інфраструктуру, рэфармуе Заходнюю ваенную акругу і праводзіць вучэнні, што мадэлююць новыя сцэнары канфлікту з НАТА. «Расія разумее свае слабыя месцы, але вучыцца хутка», — адзначыў экс-камандуючы. Ён дадаў, што Польшча і Еўропа ўжо сутыкаюцца з нелінейнымі дзеяннямі Расіі. «Мы жывём ва ўмовах пастаяннай гібрыднай вайны, і трэба прызнаць гэта як новую нармальнасць», — падсумаваў Грамадзінскі. Яго словы пераклікаюцца з пазіцыямі іншых камандзіраў НАТА. Раней вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднаных сіл Альянсу ў Еўропе (SACEUR) генерал Алексус Грынкевіч пацвярджаў, што планы на выпадак прамой канфрантацыі з Расіяй уключаюць сцэнар для Калінінградскай вобласці.